«Справа мэдыкаў»: асуджанага адправілі ў калёнію, хоць пракурор не прасіў
Ілюстрацыйнае фота
Былога загадчыка эндаскапічнага аддзяленьня 9-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску (цяпер Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі) Андрэя Саўчанку 27 лютага асудзілі на 2,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, піша Tut.by.
Прысуд не ўступіў у сілу, разгляд апэляцыйнай скаргі пройдзе ў сакавіку.
Пракурор прасіў абмежаваць волю, а не пазбавіць яе
Фрунзенскі суд Менску прызнаў Саўчанку вінаватым у атрыманьні хабару па ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэксу. Максымальнае пакараньне паводле гэтай часткі — да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Паводле Tut.by, пракурор патрабаваў для лекара 2,5 года абмежаваньня волі. То бок суд вынес больш жорсткі вырак, чым патрабаваў пракурор.
Дык а за што судзілі?
Сьледзтва абвінавачвала эндаскапіста ў хабары памерам 3000 рублёў. Абвінавачаны гэты факт прызнаў, раскаяўся і кампэнсаваў шкоду.
Мэдыка затрымалі на пачатку ліпеня 2018 году. Калегі адзначалі, што ён найлепшы спэцыяліст па пэўных пытаньнях, прапрацаваў у шпіталі больш за 30 гадоў. У жніўні Саўчанка вярнуўся на працу ў якасьці лекара, а не загадчыка аддзяленьня.