Камэнтуючы справу аб падвойным забойстве ў школе ў Стоўпцах, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што сьледчыя атрымалі доступ да мабільнага тэлефона падлетка, інфармацыю зь якога ён «старанна падчысьціў» перад забойствам, паведамляе БЕЛТА.
«Фактычна выдаліў усе запісы з мабільнага тэлефона, а таксама з хатняга кампутара. Мы цяпер гэтай інфармацыяй валодаем», — сказаў старшыня СК.
Ён падкрэсьліў, што пакуль ня можа раскрываць інфармацыю ў інтарэсах сьледзтва, «але гэта ў некаторай ступені пралье сьвятло на матывы дзеяньняў школьніка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як школьнікі тлумачаць трагедыю ў Стоўпцах. ВІДЭАТаксама Наскевіч расказаў, што пасьля трох дзён маўчаньня хлопец пачаў даваць паказаньні, і на гэты момант сьледзтва «ўжо мае яснае ўяўленьне пра карціну здарэньня».
«Для сьледчых цяпер галоўная задача — высьветліць ня як адбылося (гэта ўжо і так зразумела), а чаму гэта адбылося. У пэўнай ступені некаторыя адказы ў нас ужо ёсьць з паказаньняў самога падазраванага. Хоць мы пакуль вельмі крытычна ставімся да таго, што ён кажа, бо паказаньні ягоныя не заўсёды суадносяцца з аб’ектыўнай карцінай здарэньня», — сказаў Іван Наскевіч.