Супрацоўнікі ФСБ Расеі правялі ператрусы ў крымскіх татараў

Эвэліна Арыфава. Архіўнае фота.

Супрацоўнікі ФСБ у анэксаваным Расеяй Крыме правялі некалькі ператрусаў у дамах крымскіх татараў у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб удзеле ў незаконным узброеным фармаваньні.

Іх абвінавачваюць у прыналежнасьці да крымска-татарскага добраахвотніцкага атраду імя Намана Чэлебеджыхана, забароненага ў Расеі.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, адзін з ператрусаў прайшоў у доме сям’і Арыфавых у Сімфэропалі. Крымінальная справа была заведзеная ў дачыненьні да Эвэліны Арыфавай, камандзіркі цывільнага фармаваньня «Аскер», якое цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне. Як распавёў яе бацька Энвер Арыфаў, супрацоўнікі ФСБ прыйшлі ў хату раніцай і заявілі, што ператрус праводзіцца з мэтай «канфіскацыі прадметаў у крымінальнай справе». У выніку паўтарагадзіннага ператрусу канфіскавалі пляншэт. Бацькам Арыфавай выпісалі позву на допыт у аддзел ФСБ.

Яшчэ адзін ператрус у рамках аналягічнай справы адбыўся ў хаце крымскіх татараў у вёсцы Данілаўка Чырвонагвардзейскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўшаноўваюць крымскіх татараў, у анэксаваным Крыме іх арыштоўваюць

Атрад Намана Чэлебеджыхана — добраахвотнае абʼяднаньне, створанае ў 2014 годзе пераважна з крымскіх татараў для аховы памежных з Крымам раёнаў. Ягоных удзельнікаў абвінавачваюць у энэргетычнай блякадзе паўвостраву восеньню 2015 года. Супрацоўнікі ФСБ у Крыме рэгулярна затрымліваюць крымскіх татараў паводле абвінавачваньня ў прыналежнасьці да атраду.