Выбух прыроднага газу адбыўся раніцай 14 студзеня ў жылым доме гораду Шахты ў Растоўскай вобласьці Расеі, піша «Інтэрфакс». Два чалавекі загінулі.
Выратавалі 7 чалавек, сярод іх – двухгадовае дзіця. З будынку ў пункт часовага разьмяшчэньня эвакуявалі 140 жыхароў. Пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ 6 чалавек, іх працягваюць шукаць.
Зруйнаваныя 4 кватэры, у якіх жылі 14 чалавек. Усяго ў доме 72 кватэры.
Крыніца «Інтэрфаксу» ў апэратыўным штабе на месцы здарэньня паведаміла, што папярэдняя прычына выбуху – «няспраўнасьць ці неналежная эксплюатацыя газавага абсталяваньня».
Раніцай 31 сьнежня ў Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі адбыўся выбух, пасьля чаго абрынуліся канструкцыі аднаго з пад’ездаў 10-павярховага будынка. Загінулі 39 чалавек. У Сьледчым камітэце Расеі заявілі, што прыярытэтная вэрсія – выбух прыроднага газу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска, якая загінула ў Магнітагорску, была ў вайну снайпэрам, перажыла блякаду, — СМІ