Ва Ўкраіне спынілі дзеяньне ваеннага становішча

За 30 дзён яго дзеяньня 19-ці беларусам адмовілі ва ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю.

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб прыпыненьні ў 10-ці абласьцях краіны ваеннага становішча, абвешчанага месяц таму ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».

«Сёньня, 26 сьнежня, спыняецца ваеннае становішча. Гэта маё прынцыповае рашэньне, яно заснавана на аналізе ўсіх складнікаў існуючай сытуацыі бясьпекі ва Ўкраіне», — заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сёньня на паседжаньні Рады нацыянальнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі вінаваціць Украіну ў правакацыях, каб працягнуць ваеннае становішча

Паводле прэзыдэнта, гэтае рашэньне ўхваленае, нягледзячы на тое, што паблізу ўкраінскай дзяржаўнай мяжы застаецца ўзмоцненая расейская вайсковая прысутнасьць:

«АБСЭ пацьвердзіла дадзеныя нашай выведкі — у раёне Луганску знойдзеныя падцягнутыя сыстэмы „Град“, павялічана колькасьць артылерыі, не адведзеныя танкі. Ня зьменшылася і вайсковая прысутнасьць Расеі ў Азоўскім моры».

Пятро Парашэнка падкрэсьліў, што ў пэрыяд дзеяньня ваеннага становішча ўдалося ўзмацніць супрацьпаветраную абарону Ўкраіны ды забясьпечыць войска новай тэхнікай і зброяй.

За час ваеннага становішча Ўкраіна адмовіла 19-ці грамадзянам Беларусі ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю. У 13 выпадках грамадзяне не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі. У трох выпадках — з прычыны ранейшых парушэньняў тэрміну знаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі Ўкраіны,. І яшчэ ў трох выпадках беларусы спрабавалі наведаць Украіну з чыннай забаронай на ўезд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваеннае становішча, выбары, адзіная царква. Парашэнка адказаў на пытаньні журналістаў. ВІДЭА

У той жа час з аналягічных прычын на тэрыторыю Ўкраіны не змаглі трапіць 1650 грамадзян Расеі, некаторым зь якіх было забаронена наведваць краіну на працягу 3-5 гадоў.

Ад пачатку года Ўкраіну бесьперашкодна наведалі 2,5 мільёнаў беларусаў. Ад агульнай колькасьці ўсіх іншаземцаў (27 мільёнаў грамадзян) гэта амаль 10 адсоткаў. Найбольш ва Ўкраіну прыяжджалі толькі грамадзяне Малдовы — 4,1 мільёны грамадзян. Але і з Расеі паток пакуль захоўваецца — паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ад пачатку году краіну наведалі 1,5 расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь галасавала ў ААН супраць вываду расейскіх войскаў з Крыму