У Вярхоўны суд накіраваныя першыя «справы мэдыкаў», у тым ліку былога намесьніка міністра

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Генпракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд крымінальныя справы аб карупцыі ў мэдыцынскай сфэры супраць экс-намесьніка міністра аховы здароўя, галоўнага ўрача адной зь менскіх стаматалёгій і былога начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

  • Былому намесьніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму прад’яўлена абвінавачваньне паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі (атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).
  • Галоўнага ўрача 12-й гарадзкой клінічнай стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімера Краўчонка абвінавачваюць у атрыманьні хабару паўторна, у асабліва буйным памеры (ч. 2 і 3 арт. 430 КК), і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК).
  • Начальніку галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэю Стрыжаку прад’явілі абвінавачваньне ў атрыманьні хабару паўторна, у буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК).

Як паведамляе прэс-служба ведамства, Генпракуратура прыйшла да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня і наяўнасьці дастатковых доказаў яго.

Крымінальныя справы вяло сьледчае ўпраўленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Абвінавачаныя Ласіцкі і Стрыжак па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай, Краўчонак — пад хатнім арыштам.