Мясьніковіч: Энэргіяй БелАЭС можна ацяпляць жылыя дамы

Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

Старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, разважаючы пра пакватэрны ўлік электраэнэргіі, згадаў Астравецкую АЭС, запуск якой чакаецца ў канцы 2019 году.

«Электразабесьпячэньне будзе вырашаць у тым ліку пытаньні цеплазабесьпячэньня з улікам дастатковай магутнасьці атамнай станцыі», — цытуе Мясьніковіча БелТА. Паводле яго, цяпер беларускія будаўнікі «нацэленыя на пераважнае ўзьвядзеньне жытла з выкарыстаньнем электраэнэргіі для мэтаў ацяпленьня».

Пакуль у Беларусі амаль няма шматкватэрных дамоў, якія ацяпляюцца электрычнасьцю. Першы такі дом толькі нядаўна збудавалі ў Лёзьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвядуць адзіны тарыф на электраэнэргію, каб «максымальна выкарыстоўваць» БелАЭС

Цеплаэлектрастанцыі, празь якія ацяпляюцца будынкі ў Беларусі, працуюць на прыродным газе (вакол цэн на які між Беларусьсю і Расеяй нядаўна выйшаў чарговы канфлікт), мазуце, торфе, драўніне.

Але існуюць і такія атамныя электрастанцыі, якія выконваюць ролю цеплаэлектрацэнтраляў: так, Білібінская АЭС на паўночным усходзе Расеі забясьпечвае ацяпленьне суседняга мястэчка Білібіна не электраэнэргіяй, а проста нагрэтай вадой. Пляны зрабіць ЦЭЦ зь БелАЭС не агучваліся.

Электрычнасьць зь БелАЭС трэба некуды падзець

Тым часам з энэргіяй зь БелАЭС можа ўзьнікнуць праблема: пакуль на яе няма замежных пакупнікоў. У красавіку Аляксандар Лукашэнка абураўся, што яму «да гэтага часу ніхто ўцямна не далажыўся, як АЭС будзе ўбудаваная ў сыстэму энэргетыкі краіны». У лістападзе ён патрабаваў распрацаваць «рэалістычны плян» пашырэньня выкарыстаньня электраэнэргіі.

Будоўля Беларускай АЭС, архіўнае фота

Праз сумневы ў надзейнасьці станцыі Літва абвясьціла байкот энэргіі зь БелАЭС, яе падтрымала Эстонія. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС, але сама Латвія не выказвала зацікаўленасьці ў тым, каб купляць энэргію зь беларускай станцыі.

Польшча таксама не зацікавілася энэргіяй зь БелАЭС: ня мае патрэбы, лічыць праект небясьпечным і падумвае пра ўласную АЭС. Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы.

Украіна і Расея не выказвалі зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь БелАЭС. А Ўладзімір Пуцін нават заяўляў, што Расея будуе станцыю ў Беларусі «сабе на шкоду».