Міністэрства інфармацыі Беларусі «закавалі ў ланцугі». ФОТА

Дзьверы Міністэрства інфармацыі, 10 сьнежня. Тут і ніжэй фота: Арцём Лява, «Новы час»

10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, невядомыя правялі ў Менску акцыю: ручкі дзьвярэй Міністэрства інфармацыі счапілі ланцугамі, расказвае сайт газэты «Новы час».

На калёны ля ўваходу наляпілі 19-ы артыкул Дэклярацыі правоў чалавека (аб праве на свабоду перакананьняў і іх свабоднае выяўленьне, свабоду атрымліваць інфармацыю) і 33-і артыкул беларускай Канстытуцыі (пра тое самае, а таксама пра забарону на манапалізацыю СМІ дзяржавай і асобнымі грамадзянамі, забарону цэнзуры).

Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі да ўваходу ў Мінінфарм прыйшлі міліцыянты (прынамсі адзін быў у касцы і бронекамізэльцы), за імі прыйшлі сьлесары, вызвалілі ўваход з дапамогай малатка і кусачак.

Падобную акцыю ўжо праводзілі 20 красавіка: у пратэст супраць блякаваньня сайту «Хартыі-97» ланцугом «заблякавалі» Мінінфарм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адключаюць камэнтары, рэгіструюць праз SMS: як жывуць СМІ пры новых правілах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ