Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі «націснуць» на беларускія ўлады


Ілюстрацыйнае фота

Згадваецца «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» і «справа БелТА».

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала статыстычныя зьвесткі пра рэкордную колькасьці штрафаў журналістам у Беларусі — ня менш як 99 прысудаў з пачатку году.

91 зь іх — супрацоўнікам «Белсату» за тое, што працуюць, ня маючы акрэдытацыі, якой Міністэрства замежных спраў не дае тэлеканалу. Гэта ўжо больш, чым за цэлы мінулы год — тады было толькі 70 штрафаў.

Кіраўнік усходнеэўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага аддзяленьня «Рэпартэраў бязь межаў» Ёган Бір заявіў, што «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» зьвязаная з жаданьнем «заткнуць незалежных журналістаў»

«Гэта частка татальнай кампаніі перасьледу апошніх крытычных галасоў у мэдыя краіны, — піша Бір. — Замежныя партнэры Беларусі павінны ў тэрміновым парадку націснуць на ўлады, каб яны спынілі гэта».

У публікацыі згадваюцца «рэкардсмэны» па штрафах: Кастусь Жукоўскі, які мае ўжо 12 штрафаў больш як на 4700 эўра, і Вольга Чайчыц, якая мае ўжо 10 штрафаў (у публікацыі «Рэпартэраў бязь межаў» названыя толькі 9). І Жукоўскі, і Чайчыц працуюць на «Белсат».

Таксама ў артыкуле даюцца спасылкі на ранейшыя публікацыі — пра «справу БелТА», папраўкі ў закон «Аб СМІ». Згадваецца і нядаўняя пастанова аб парадку экспэртызы прадукцыі замежных СМІ на распаўсюд забароненай інфармацыі, прапаганду наркотыкаў, вайны ці экстрэмізму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG