Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Youtube зьніклі амаль усе відэа блогера Nexta: наскардзіліся АНТ, БТ і СТВ


Ранейшыя відэа Nexta з камэнтаваньнем беларускіх навінаў зьбіралі сотні тысячаў праглядаў

Скардзіліся спачатку на «выкарыстаньне таварнага знаку», а затым на «парушэньне аўтарскіх правоў».

Беларускі відэаблогер Сьцяпан Сьвятлоў, вядомы як Nexta, расказаў на Youtube, чаму зь ягонага папулярнага Youtube-каналу з амаль 200 тысячамі падпісчыкаў зьніклі практычна ўсе відэа. Вінаватая, кажа ён, Белтэлерадыёкампанія.

Спачатку, сьцьвярджае блогер, на скаргі СТВ і «Беларусь-1» Youtub не зьвяртаў увагі, але пазьней усё ж выдаліў два відэа Nexta і даў блогеру два папярэджаньні (пасьля трэцяга канал могуць заблякаваць), затым канал АНТ наскардзіўся на два самыя папулярныя відэа блогера. Цяпер амаль усе відэа ягонага праекту «Ну и новости» схаваныя ад карыстальнікаў.

Nexta сьцьвярджае, што колькасьць іхнага кантэнту ў ягоных роліках адпавядала прынцыпам добрасумленнага выкарыстаньня, не перавышала 20%. Блогер дадае: дзяржаўныя СМІ ў Беларусі фактычна маюць манаполію на відэаздымкі Аляксандра Лукашэнкі, таму, каб паказаць ягоны пункт гледжаньня, трэба выкарыстоўваць відэа БТ.

Закон аб аўтарскіх правах, дадае блогер, дазваляе паказваць урыўкі з правамерна абнародаваных твораў дзеля дасьледчых, адукацыйных, палемічных, крытычных або інфармацыйных мэтаў.

Блогер нагадвае, што беларускія дзяржаўныя СМІ існуюць на грошы грамадзянаў і распаўсюджваюць фэйкі супраць палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі (ад «дохлых пацукоў у вядры» да «прарыву мяжы» і «лягераў баевікоў»), а таксама выкарыстоўвалі матэрыялы зь іншых крыніцаў без дазволаў (у тым ліку пускалі ў эфір праслухоўваньне палітыкаў і ўстаўлялі ў відэа фота блогераў без пазначэньня аўтарства).

Ён заклікае БТ адказваць яму якасным кантэнтам, а не блякаваньнямі, і спадзяецца аднавіць свае відэа — калі прыйдзецца, то праз суд.

Раней Nexta расказаў, што яго западозрылі ў «абразе прэзыдэнта», за што могуць пасадзіць у турму на тэрмін да трох год. У кватэры ў Сеньніцы Менскага раёну, дзе ён раней жыў, правялі ператрус. Бацька відэаблогера казаў, што гэтым сям’ю ня ўдасца запалохаць. Пра тую справу ўжо больш за 8 месяцаў «няма ніякіх навінаў», кажа блогер, а канфіскаваную тэхніку яму не вярнулі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG