Галоўнаму рэдактару Tut.by выставілі абвінавачаньне ў «бязьдзейнасьці адказнай асобы»

Марына Золатава каля Сьледчага камітэту 22 лістапада

Па гэтым артыкуле Марыне Золатавай могуць прысудзіць як штраф, так і 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Сьледчы камітэт 22 лістапада выставіў абвінавачаньне галоўнаму рэдактару tut.by Марыне Золатавай па другой частцы 425 артыкула крымінальнага кодэксу (бязьдзейнасьць адказнай асобы).

Санкцыя па гэтым артыкуле — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Таксама Марына Золатава ў «справе БелТА» праходзіла па артыкуле «несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі», паведамляе tut.by. Па гэтым артыкуле праходзяць усе іншыя фігуранты «справы БелТА». Але гэтае абвінавачваньне ў дачыненьні да яе было зьнятае ў сувязі зь «незьдзяйсьненьнем злачынства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Золатава: Абвінавачаньне выставілі пасьля 3 гадзінаў допыту

Такім чынам, усім 15 фігурантам «справы БелТА» на сёньня прадʼяўленыя абвінавачваньні. Крымінальны перасьлед карэспандэнта Deutsche Welle ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара realt.by Уладзіслава Кулецкага спынены. Іх справы цяпер пераведзеныя ў адміністратыўныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады спынілі крымінальны перасьлед двух фігурантаў «справы БелТА»

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, 15 журналістаў недзяржаўных мэдыя былі абвінавачаныя па крымінальнай справе за несанкцыянаваны доступ да кампутэрнай інфармацыі. Падставай для завядзеньня справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.