Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка БелТА ня хоча працягу канфлікту зь незалежнымі СМІ, — прадстаўнік БАЖ


Дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч

20 лістапада адбылася сустрэча генэральнага дырэктара агенцтва БелТА Ірыны Акуловіч і намесьніка старшыні БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) Барыса Гарэцкага.

Размова ішла пра крымінальную справу аб незаконным завалоданьні інфармацыяй з сайту БелТА, заведзеную на 14 беларускіх журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў Tut.by, БелаПАН ды іншых сродкаў інфармацыі, сярод якіх ёсьць і дзяржаўныя.

Паводле Барыса Гарэцкага, падчас сустрэчы ён давёў сваю пазыцыю ў «справе БелТА» і выслухаў гендырэктара агенцтва Ірыны Акуловіч.

Барыс Гарэцкі
Барыс Гарэцкі

«Галоўнае, што я хацеў данесьці — што далейшая канфрантацыя не патрэбна незалежным мэдыя і, як мне здаецца, не патрэбна яна БелТА і беларускім уладам. Гэта было зразумела.

Таксама я нагадаў, што, паводле крымінальнага права, у БелТА ёсьць магчымасьць напісаць заяву ў Сьледчы камітэт і не даводзіць гэтую справу да суду ды прымірыцца з тымі, хто нанёс агенцтву, як сьцьвярджаецца, пэўную шкоду.

Спадарыня Акуловіч, як мне здалося, гэтую тэзу зразумела. Мне яна адказала, што „варта пачакаць заканчэньня сьледзтва“. Паўтаруся, што мы размаўлялі пра тое, што іміджавыя страты ад гэтай справы вялікія для ўсіх бакоў і таму канфлікт варта спыніць», — расказаў Барыс Гарэцкі Свабодзе.

Кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч не давала ў размове ніякіх абяцаньняў наконт сваіх далейшых дзеяньняў у справе, але запэўнівала, што таксама не жадае працягу канфлікту, мяркуе Барыс Гарэцкі.

«Пра справу яна сказала, што лічыць яе цалкам крымінальнай і ня бачыць у ёй ніякай палітыкі. Што яна мусіла абараняць сваіх падпісчыкаў, якія мелі праблемы праз тое, што нехта несанкцыянавана заходзіў да іх у „адмінку“ з паролямі. Зусім, паводле яе, не было мэты ціснуць на нейкія мэдыя, яе задача была абараніць падпісчыкаў.

Але тут я зь ёй ня згодны. Як мне бачыцца, справа відавочна стала палітычнай. Бо калі журналістаў вярбуюць, калі ім пагражаюць, калі затрымліваюць рэдактараў і праводзяць масавыя „зачысткі“, дык цяжка лічыць ужо, што гэта справа толькі крымінальная. Мяркую, калі б справа была толькі аб паролях, яна б выглядала зусім іначай».

​Паводле Барыса Гарэцкага, ягоная гутарка з кіраўніцай БелТА Ірынай Акуловіч доўжылася 20 хвілін і прайшла ў добразычлівай атмасфэры. Аб сустрэчы з гендырэктарам БелТА намесьнік старшыні БАЖ дамовіўся ў пачатку лістапада, пасьля выстаўленьня абвінавачаньня некаторым зь фігурантаў справы.

Барыс Гарэцкі паведаміў, што на сайце БАЖ неўзабаве пачнецца цыкл відэазваротаў, датычных «справы БелТА». Плянуюцца выступы ў гэтай справе вядомых грамадзянаў краіны.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Сьледчыя падчас вобшуку ў офісе Tut.by
Сьледчыя падчас вобшуку ў офісе Tut.by

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • У лістападзе абвінавачаным выставілі сумы для кампэнсацыі ад 3000 да 17 000 рублёў.
  • Галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай выставілі абвінавачаньне ў бязьдзейнасьці адказнай асобы (ч.2 арт. 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Пад крымінальным перасьледам застаўся толькі адзін фігурант — Марына Золатава.

Чым унікальная «справа БелТА». Пяць момантаў

Прадстаўляліся суседзямі, адключалі тэлефоны. Як сьледчыя затрымлівалі журналістаў Tut.by

5 пытаньняў рэдактаркі Tut.by Калтыгінай да Сьледчага камітэту

Мадона, янот і Анджэліна Джалі: заходнія агенцтвы кажуць, што БелТА бярэ здымкі без дазволу

«Людзі, прыдуць хутка і па вас». Сьвятлана Алексіевіч падтрымала журналістаў са «справы БелТА»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG