Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады спынілі крымінальны перасьлед двух фігурантаў «справы БелТА»


Паўлюк Быкоўскі, архіўнае фота

22 лістапада стала вядома аб спыненьні крымінальнай справы супраць карэспандэнта Deutsche Welle ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара realt.by Уладзіслава Кулецкага.

Паўлюк Быкоўскі і Ўладзіслаў Кулецкі хадайнічалі аб спыненьні вытворчасьці па крымінальнай справе на падставе арт. 86 КК.

Справа супраць карэспандэнта Deutsche Welle ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага спыненая «ў сувязі з прымяненьнем мер адміністратыўнага ўзьдзеяньня», пацьвердзіў Свабодзе журналіст, спасылаючыся на атрыманы сёньня ў Сьледчым камітэце дакумэнт.

Пастанова аб спыненьні крымінальнай справы супраць Быкоўскага. Крыніца: БАЖ
Пастанова аб спыненьні крымінальнай справы супраць Быкоўскага. Крыніца: БАЖ

«Так, маю крымінальную справу закрылі. Грошы, якія мне выставілі як страту, я сплаціў. Ня думаю, што ў маёй сытуацыі можна было дамагацца іншага выніку. Але гэта ня значыць, што я заклікаю рабіць гэтаксама астатніх. Кожны зь фігурантаў справы мусіць прыняць самастойнае рашэньне», — сказаў Свабодзе Паўлюк Быкоўскі.

Ён кампэнсаваў выстаўленую яму суму прычыненай шкоды (больш за 4 тысячы рублёў), а таксама сплаціў штраф у 30 базавых велічынь (735 рублёў) у сувязі зь перакваліфікацыяй справы.

Штраф для Ўладзіслава Кулецкага склаў 10 базавых, або 245 рублёў.

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, 14 журналістаў недзяржаўных мэдыя былі абвінавачаныя па крымінальнай справе за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Падставай для завядзеньня справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

Сьледчы камітэт не называў імёнаў абвінавачаных, але вядома, што сярод іх:

  • 8 журналістаў Tut.by, уключна з галоўнай рэдактаркай Марынай Золатавай;
  • 2 журналісты БелаПАН, уключна з галоўнай рэдактаркай Ірынай Леўшынай;
  • карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі;
  • галоўны рэдактар Realt.by Уладзіслаў Кулецкі;
  • рэдактар сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.

Гэтаксама СК не называў канчатковай сумы нанесенай фігурантамі шкоды. Вядома, што з 9 абвінавачаных патрабавалі прынамсі 60 тысяч рублёў.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксам прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
Марына Золатава
Марына Золатава

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG