Два экс-міністры замежных справаў Грузіі выйшлі ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў

Ілюстрацыйнае фота

Па траціне галасоў атрымалі народжаная ў Парыжы Салімэ Зурабішвілі, якую падтрымлівае кіроўная праэўрапейская партыя, і апазыцыянэр Грыгол Вашадзэ, які адмовіўся ад расейскага пашпарта.

Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі апублікавала папярэднія вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, што прайшлі 28 кастрычніка. Грузія выбірае ўжо пятага прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі выбіраюць ужо пятага прэзыдэнта. Што было з папярэднімі чатырма. ВІДЭА

Пасьля падліку 99,57% галасоў экс-міністарка замежных справаў Салімэ Зурабішвілі мае 38,66% галасоў, экс-міністар замежных справаў Грыгол Вашадзэ — 37,7%. Гэта значыць, яны выходзяць у другі тур. Дата другога туру пакуль не названая афіцыйна.

Яшчэ адзін экс-міністар замежных справаў Давід Бакрадзэ мае 10,97% галасоў. Яшчэ тры кандыдаты атрымалі 2–3% галасоў, астатнія 19 кандыдатаў — яшчэ меней.

Зурабішвілі, Вашадзэ і Бакрадзэ былі міністрамі пры прэзыдэнце Міхэілу Саакашвілі: першая ў 2004–2005 гадах, другі ў 2008–12, трэці — менш за чатыры месяцы ў 2008-м, але затым чатыры гады на пасадзе старшыні парлямэнту.

Салімэ Зурабішвілі (у цэнтры) з паплечнікамі

Народжаную ў Парыжы 66-гадовую Салімэ Зурабішвілі падтрымлівае кіроўная партыя «Грузінская мара», хоць фармальна яна ідзе на выбары як незалежная кандыдатка. Цяпер партыя мае 97 са 150 месцаў у парлямэнце, дэкляруе праэўрапейскія лёзунгі і выступае за «прагматычныя» стасункі з Расеяй.

Грыгол Вашадзэ (у цэнтры) з паплечнікамі

60-гадовы кандыдат ад апазыцыянэраў «Сіла ў адзінстве» Грыгол Вашадзэ меў двайнее расейска-грузінскае грамадзянства, што зь цікавасьцю ўспрынялі і ў Грузіі, і ў Расеі, калі яго прызначылі міністрам замежных справаў праз чатыры месяцы па завяршэньні баявых дзеяньняў у расейска-грузінскай вайне. Праз год па прызначэньні ў Расеі ўжо прапаноўвалі адабраць у Вашадзэ расейскі пашпарт за «антырасейскую» пазыцыю. Палітык пагадзіўся і пазбавіўся расейскага грамадзянства.

Цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі называюць «апошнімі»: надалей, з 2024 году, права выбіраць кіраўніка грузінскай дзяржавы даецца адмысловай «асамблеі», якая складаецца з дэпутатаў парлямэнту і мясцовых прадстаўнічых органаў.

Палітычныя сілы надавалі «апошнім усенародным выбарам прэзыдэнта» асаблівае значэньне, а перадвыбарчая кампанія праходзіла на фоне жорсткай палітычнай барацьбы. У тым ліку скандалаў з публікацыяй схаваных аўдыёзапісаў, на падставе якіх апазыцыя абвінавачвала ўлады ў карупцыі, а ўлады апазыцыю — у падрыхтоўцы «маштабнай дэстабілізацыі» пад падставай фальсыфікацыі выбараў.

Калі пераможа Зурабішвілі, яна стане першай жанчынай-прэзыдэнткай у Грузіі. Праўда, экс-прэзыдэнт Саакашвілі заяўляў, што калі ўлады «паспрабуюць сфальсыфікаваць вынікі» на ейную карысьць, «у краіне падымецца цунамі пратэсту», як і ў 2003 годзе, калі адбылася так званая «Рэвалюцыя ружаў».