Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі праходзяць апошнія ўсенародныя прэзыдэнцкія выбары


Саламэ Зурабішвілі

У Грузіі сёньня праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8 гадзін па тбіліскім часе. Выбарчым правам валодаюць больш за 3,5 мільёнаў грамадзян. Выбары, зь вядомых прычынаў, не праходзяць на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Зарэгістраваныя 25 кандыдатаў. Сярод іх трое лічацца асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка дзяржавы: былы пасол Францыі ў Грузіі і эск-міністар замежных спраў Саламэ Зурабішвілі (яе падтрымлівае кіруючая партыя «Грузінская мара»), былы міністар замежных спраў Грыгол Вашадзэ ад партыі Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» і міжпартыйнага аб’яднаньня «Сіла ў Адзінстве», а таксама былы сьпікер парлямэнту Давід Бакрадзэ, які прадстаўляе партыю «Эўрапейская Грузія».

У Грузіі прэзыдэнтам можа ўпершыню стаць жанчына

Выступаючы напярэдадні па грузінскім тэлебачаньні, былы прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі, які жыве ў Нідэрляндах пасьля выгнаньня з Украіны, заявіў, што калі ўлады паспрабуюць сфальсыфікаваць вынікі галасаваньня на карысьць Саламэ Зурабішвілі, «у краіне падымецца цунамі пратэсту» як і ў 2003 годзе, калі адбылася так званая «Рэвалюцыя ружаў».

Згодна з новай канстытуцыяй, якая ўступала ў сілу ў лістападзе, адразу пасьля інаўгурацыі пятага прэзыдэнта, наступныя прэзыдэнцкія выбары ўжо ня будуць усенародным: з 2024 году права абіраць кіраўніка грузінскай дзяржавы надзяляецца адмысловая «асамблея», якая складаецца з дэпутатаў парлямэнту і мясцовых прадстаўнічых органаў.

Шмат у чым па гэтай прычыне, палітычныя сілы надавалі «апошнім усенародным выбарах прэзыдэнта» асаблівае значэньне, а перадвыбарчая кампанія праходзіла на фоне жорсткай палітычнай барацьбы. У тым ліку скандалаў з публікацыяй схаваных аўдыёзапісаў, на аснове якіх апазыцыя абвінавачвала ўлады ў карупцыі, а ўлады апазыцыю — у падрыхтоўцы «маштабнай дэстабілізацыі» пад падставай фальсыфікацыі выбараў.

За ходам галасаваньня сочаць сотні міжнародных назіральнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG