Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў бяз Грузіі. Як у Абхазіі паміраюць кінутыя гарады


Мясцовасьць Акармара ў Абхазіі пабудавалі ў 70-я гады, некалі ў ім жылі 5 тысяч чалавек. У пасёлку працавалі вугальныя шахты, былі шпіталь і школа. Зараз у Акармары жывуць 36 чалавек. Населены пункт выглядае напаўзакінутым: толькі на адным доме відавочна бачны новы дах, які паказвае, што тут пажывуць людзі.

Школу ў Акармары зачынілі ўжо ў 98-м, праз пяць гадоў пасьля таго, як гэтая тэрыторыя перастала быць падкантрольнай Грузіі. Недалёка ад шахты — зачыненыя назаўжды вароты пажарнай часткі. Па вуліцах таго, што раней было цэнтрам пасёлка, блукаюць каровы, куры і свіньні, быдла трымаюць тыя, хто да гэтага часу ня зьехаў. Гэта для жыхароў Акармары — спосаб хоць неяк пракарміцца.

Жыхар Акармары Рычард распавядае, што мясцовыя ўлады нікому з жыхароў не прапаноўвалі нікуды перасяліцца, напрыклад, у Сухумі. І з настальгіяй прыгадвае часы, калі ў Акармары разам жылі абхазы, грузіны і расейцы.

«Былі самыя лепшыя лекары, браты Мэндыяшвілі, Умар і Надар, яны тут працавалі. Гэта тое, што я ведаю, а акрамя іх былі яшчэ, — успамінае ён. — І нямала было! Сам пасёлак новы, не стары. Проста за 25 гадоў так усё разбурылася».

Падобным чынам выглядае і раённы цэнтар — горад Ткварчэлі, дзе таксама здабывалі вугаль. У 40-х гадах XX стагодзьдзя яго будавалі палонныя немцы: да грузіна-абхаскай вайны тут жылі 25 тысяч чалавек. Зараз засталося ў пяць разоў менш. У Ткварчэлі закінутыя многія дамы, заводы і нават вакзал: пасажырскія цягнікі сюды не ходзяць ужо 25 гадоў.

​На аднаўленьне чыгункі Абхазія ў 2010 годзе ўзяла крэдыт — 2 млрд рублёў (прыкладна 70 мільёнаў даляраў) у Расеі. Але шляхі аднавілі толькі ад мяжы з Расеяй да Сухумі, — распавядае абхаскі палітоляг Інал Хашыг.

«Нейкую частку яны на гэтую дарогу патрацілі, адсоткаў 30. Але астатняе парасьцягвалі — кажа ён. — Гэта звычайны прадукт карупцыі. Асобныя расейскія чыноўнікі, якія свой інтарэс мелі, проста дамовіліся з нашымі чыноўнікамі».

Толькі за першыя сем гадоў, якія прайшлі пасьля таго, як Абхазія абвясьціла незалежнасьць, яе невялікаму насельніцтву ў 240 тысяч чалавек зь бюджэту Расеі ў выглядзе матэрыяльнай дапамогі было выдзелена амаль 37 млрд рублёў. Па сёньняшнім курсе гэта больш за 560 мільёнаў даляраў.

​Але складаецца адчуваньне, што гэтыя грошы не даходзяць нават да сталіцы самаабвешчанай рэспублікі. У Сухумі закінуты прыкладна кожны чацьвёрты будынак. Пры гэтым і ў Сухумі, і ў іншых гарадах Абхазіі дамы часта выглядаюць так: на адным паверсе жывуць, другі — кінуты. Падчас і пасьля вайны з рэгіёну зьехала да 250 тысяч грузінаў. У руінах у Сухумі вось ужо 25 гадоў нават мясцовы парлямэнт: да гадавіны заканчэньня грузіна-абхаскай вайны яго завесілі сьвяточным банэрам.

Але гэта ня значыць, што ў пустых кватэрах у Абхазіі няма гаспадароў: іх займаюць тыя, хто застаўся. Кажуць, калі паставіць у кватэру свае дзьверы, на яе можна афармляць дакумэнты на ўласнасьць. Часта кватэры перапісваюць за хабар: гэтая схема незаконная, таму на камэру пра яе ніхто не расказвае. Пры гэтым этнічныя грузіны, якія зьехалі, не маглі і ня могуць прадаць свае старыя кватэры: у Абхазіі забаронены продаж нерухомасьці каму-небудзь з неабхаскім пашпартам.

​«Пытаньне продажу нерухомасьці — досыць балючае. І ёсьць разуменьне, што калі зьняць гэтае табу, то тут на працягу кароткага часу будзе ўсё скуплена, — прагназуе Інал Хашыг. — Калі здымуць забарону продажу — хопіць нават таго, каб 1% расейцаў скарысталіся гэтым, і тады тут абхазы будуць адзін аднаго шукаць зь ліхтарамі».

Ад Акармары і Ткварчэлі да адміністрацыйнай мяжы паміж непрызнанай Абхазіяй і Грузіяй — некалькі дзясяткаў кілямэтраў, але камунікацыі паміж рэгіёнамі няма, і ад перамоваў з урадам Грузіі сэпаратысцкія абхаскія ўлады працягваюць адмаўляцца. А тым часам дамы, пасёлкі і цэлыя гарады ў Абхазіі працягваюць разбурацца.

***

Абхазія, сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны ў 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яе незалежнасьць. Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці лічыць часткай анэксіі.

Па законе, прынятым у 2006 годзе, жыхары Абхазіі маюць права на падвойнае грамадзянства — абхаскае і расейскае. Да 2008 году грамадзянамі РФ зьяўляліся каля 90% жыхароў непрызнанай рэспублікі, дзе жывуць каля чвэрці мільёна чалавек. Расея даплачвае ім зь бюджэту, у прыватнасьці плаціць пэнсіі па расейскіх стандартах. Агульны абʼём дапамогі, якая ідзе з РФ у Абхазію, штогод ацэньваецца ў 300 мільёнаў даляраў.

Таксама з 2009 году ў абхаскай Гудауце дысьлякуецца 7-я абʼяднаная ваенная база расейскіх узброеных сілаў з колькасьцю кантынгенту да 4 000 чалавек, а ў апошнія некалькі гадоў паміж Расеяй і Абхазіяй дзейнічае пагадненьне аб абʼяднанай групоўкі войскаў, якое ўзмацніла вайсковую прысутнасьць РФ на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG