Турэччына адкрые найбуйнейшы аэрапорт у сьвеце. Рэйсаў зь Беларусі стане больш

Самалёты турэцкіх авіяліній

29 кастрычніка ў Стамбуле адбудзецца цырымонія адкрыцьця новага аэрапорту, які мае стаць найбуйнейшым у сьвеце. Гэта дазволіць павялічыць частату рэйсаў Менск — Стамбул зь пяці да сямі на тыдзень, паведаміла амбасадарка Турэччыны ў Беларусі Кезбан Нілвана Дарама.

Паводле дыпляматкі, новай паветранай гаваньню цягам аднаго году змогуць карыстацца да 200 мільёнаў пасажыраў.

Стамбул — адзін з асноўных авіяхабаў пры палётах з Эўропы ў іншыя часткі сьвету і наадварот. Летась аэрапорт імя Атацюрка стаў пятым па загружанасьці ў Эўропе, саступаючы толькі паветраным гаваням Лёндану, Парыжу, Франкфурту і Амстэрдаму.

Турэччына — самы папулярны кірунак беларусаў

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась Турэччына стала самай прывабнай краінай для беларускіх турыстаў. Там пабывала 140 тысяч беларусаў. На другім месцы — Эгіпет, які наведалі 123 тысячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Турэччыны: «Будзем радыя візыту Лукашэнкі»