Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга «Стамбул» нобэлеўскага ляўрэата Архана Памука выходзіць па-беларуску


Дабрачынны фонд «Вяртаньне» і выдавецтва «Янушкевіч», якія займаюцца выданьнем кніг нобэлеўскіх ляўрэатаў, абвясьцілі пра выданьне па-беларуску кнігі «Стамбул. Горад і ўспаміны» нобэлеўскага ляўрэата 2006 году турэцкага пісьменьніка Архана Памука.

Гэта першы пераклад раманаў Памука на беларускую мову. Кніга мае выйсьці ў студзені 2019 году ў выдавецтве «Янушкевіч».

Каб рэалізаваць праект, на сайце ulej.by запусьцілі краўдфандынгавую кампанію — падпіску на выданьне.

На беларускую мову кнігу пераклала Тацяна Ўрублеўская-Токер, рэдактар — Сяргей Шупа. Гэта будзе трэцяя кніга ў сэрыі Noblesse oblige (творы нобэлеўскіх ляўрэатаў па-беларуску). Раней пабачылі сьвет «Голад» Кнута Гамсуна і «Каханьне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса.

Сяргей Макарэвіч
Сяргей Макарэвіч

«Гэтая кніга — мастацкая біяграфія Стамбула. Ня гайд і не гісторыя горада: не разьлічвайце прачытаць пра ўсе шматлікія цэрквы і мячэці, палацы і вілы, музэі і галерэі... Памук вядзе чытача за руку па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі Стамбула, ня бачных турыстам, схавананых ад мімалётных разявак», — кажа пра кнігу ініцыятар выданьня Сяргей Макарэвіч.

Памук напісаў кнігу, калі быў на мяжы дэпрэсіі: ён разводзіўся, пры сьмерці быў ягоны бацька, было шмат іншых праблем. «Я падумаў, што правалюся ў дэпрэсію, калі здамся. Але кожны дзень я прачынаўся, прымаў халодны душ, сядаў, успамінаў і пісаў», — прызнаўся пісьменьнік пасьля.

Пераклад кнігі Памука ня будзе апошнім у сэрыі.

«Мы працягнем выдаваць сучасных замежных аўтараў. У пачатку наступнага году выйдзе раман Казуа Ішыгура „Не пакідай мяне“. Праз скандал, які скалануў Швэдзкую акадэмію, акурат Ішыгура можа застацца апошнім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Сёлета прэмія не прысуджаецца, а што з ёй будзе на лета — ня ясна», — кажа Сяргей Макарэвіч.

Архан Памук (нарадзіўся ў 1952 годзе) — турэцкі пісьменнік, нобэлеўскі лаўрэат 2006 году. Аўтар такіх бэстсэлераў, як «Музэй цноты», «Мае дзіўныя думкі», «Чорная кніга», «Сьнег». Агульны наклад кніг Памука ў сьвеце складае каля 15 мільёнаў асобнікаў. Яго творы чытаюць на 60 мовах. Раман «Стамбул. Горад і ўспаміны» выйшаў упершыню ў 2003 годзе. А ў 2006-м Памук атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

Пісьменьнік вядомы сваёй пазыцыяй наконт генацыду армян у Асманскай Імпэрыі — Памук не адмаўляе гэтай трагедыі і гаворыць пра гэта ў сваіх інтэрвію. Праз адну такую публікацыю зь ім нават спрабаваў судзіцца ўрад Турэччыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG