Трамп вырашыў выйсьці з ракетнай дамовы з Расеяй, Масква супраць. Усё, што важна ведаць пра спрэчку

Дональд Трамп, архіўнае фота

Расея адмаўляе парушэньні, Брытанія падтрымае ЗША, Нямеччына шкадуе, а Пуцін перакананы, што калі пачнецца ядзерная вайна, то «мы трапім у рай, а яны здохнуць».

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў 20 кастрычніка, што выведзе ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасці (РСМД), паколькі яго парушае Расея. Трамп пры гэтым ня стаў спыняцца на падрабязнасьцях, якія тычацца гэтых парушэньняў, адзначае «Голас Амэрыкі».

Пагадненьне між ЗША і СССР было дасягнутае ў канцы 1980-х гадоў, яго падпісалі адпаведна Рональд Рэйган і Міхаіл Гарбачоў. Яно прадугледжвае зьнішчэньне абодвума бакамі ядзерных і звычайных ракетаў малой і сярэдняй далёкасьці наземнага базаваньня — такіх, якія могуць праляцець 500–5500 км.

«Расея парушыла пагадненьне, — казаў Трамп. — Яны парушалі яго цягам многіх гадоў. Мы не дазволім ім парушаць ядзернае пагадненьне і вырабляць забароненую зброю».

Трамп дадаў, што ЗША будуць распрацоўваць названыя ўзбраеньня, калі Расея і Кітай ня спыняць працы над імі, бо распрацоўка імі такой зброі «непрымальная».

Расея адмаўляе

Расея адмаўляе парушэньне дамовы, а Кітай ня ёсьць удзельнікам пагадненьня (у часы халоднай вайны Кітай і не разглядаўся такой пагрозай, якой лічылі СССР).

Прадстаўнікі ЗША раней сьцьвярджалі, што Расея парушыла дамову, наўмысна разгарнуўшы крылатую ракету наземнага базаваньня, каб стварыць пагрозу NATO. Расея ж сьцьвярджае, што пагадненьне парушаюць амэрыканскія сыстэмы проціракетнай абароны.

На наступны дзень пасьля заявы Трампа Масква назвала магчымае выйсьце ЗША з дамовы небясьпечным крокам, а заяву Трампа — «шантажом».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пагражае ЗША контразахадамі за намер выйсьці з дамовы аб ракетах 

Дарадца Трамп у нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан наведае Маскву на бягучым тыдні — менавіта ён можа афіцыйна абвясьціць аб выхадзе ЗША з дамовы. Крэмль ужо паабяцаў распытаць яго аб заяве Трампа.

Брытанія падтрымае, Нямеччына шкадуе

Эўрапейскія саюзьнікі ЗША па-рознаму ўспрынялі заяву Трампа.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас назваў рашэньне Трампа «вартым шкадаваньня» і заявіў, што дамова ёсьць «важным стаўпом эўрапейскай архітэктуры бясьпекі», і выхад зь яе «ўздымае складаныя пытаньні для нас і Эўропы». Як перадае Reuters, ён дадаў, што Нямеччына ня раз заклікала Маскву «растлумачыць сытуацыю» з абвінавачваньнямі ў парушэньні дамовы аб РСМД, ды Расея пакуль не дала трумачэньняў.

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Гевін Уільямсан заявіў, што ягоная краіна «абсалютна цьвёрда» падтрымлівае ЗША ў дыскусіі аб дамове. Ён абвінаваціў Расею ў тым, што тая паставіла пад пагрозу дамову аб кантролі над узбраеньнямі, і заклікаў Крэмль «навесьці парадак у сваім доме». Уільямсан заявіў газэце Financial Times ў нядзелю, што Масква «насьміхаецца» з дамовы аб РСМД.

Два ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру засьцерагаюць

Адзін з падпісантаў дамовы аб РСМД, 87-гадовы экс-прэзыдэнт СССР і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1990 году Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію «Інтэрфаксу» назваў выхад ЗША з дамовы памылкай. Ён заявіў, што прапанова Трампа «падарве ўсе высілкі, прыкладзеныя кіраўнікамі СССР і саміх ЗША да ядзернага раззбраеньня», што ён лічыць «вельмі дзіўным».

Міхаіл Гарбачоў, 1988 год

«Разрываць старыя пагадненьні па раззбраеньні ні ў якім разе нельга, — казаў Гарбачоў. — Няўжо цяжка зразумець, што адмова ад гэтых пагадненьняў, як кажуць у народзе, не ад вялікага розуму?»

Ён падкрэсьліў, што пагадненьне аб РСМД адрозьніваецца ад іншых тым, што прадугледжвае кантроль над зброяй, і адзначыў, што Ўладзімір Пуцін у нядаўняй прамове заклікаў да выкананьня падпісаных дамоваў аб зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Расеі ў Менску паабяцаў адказ Масквы ў выпадку нападу на Беларусь

Выканаўчая дырэктарка Міжнароднай кампаніі за забарону ядзернай зброі, уганараванай Нобелеўскай прэміяй міру за 2017 год, Бэатрыс Фін заявіла, што Трамп «паказаў сябе чалавекам-разбуральнікам, у якога няма магчымасьці для стварэньня рэальнай сыстэмы бясьпекі».

«Замест гэтага, падарваўшы ядзерныя дамовы, ён вядзе ЗША па шляху коштам у трыльён даляраў, які вядзе да гонкі ядзерных узбраеньняў», — дадала яна.

Пуцін ня так і баіцца вайны

Тым часам расейскі незалежны палітоляг Дзьмітры Арэшкін адзначыў у камэнтары Associated Press, што Пуцін належыць да пакаленьня, у якога за плячыма не было вайны, таму ўсё можа быць горш за часы Халоднай вайны:

«Гэтыя людзі ня так моцна баяцца вайны, як людзі эпохі Брэжнева, — казаў Арэшкін пра пакаленьне Пуціна. — Яны думаюць, што калі Захад добра прыстрашыць, то ён спалохаецца».

Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

За некалькі дзён да заявы Трампа аб дамове па РСМД Пуцін казаў, што ў выпадку ядзернай вайны Расея ня будзе агрэсарам, але абавязкова адкажа на ўдар. Ён дадаў, што «мы трапім у рай, а яны здохнуць».