Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі ў Менску паабяцаў адказ Масквы ў выпадку нападу на Беларусь


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (справа) і амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч

У Маскве любы ваенны напад на Беларусь будуць разглядаць як агрэсію ў дачыненьні да Расеі «з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць». Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» расейскі амбасадар у Менску Міхаіл Бабіч.

Так ён пракамэнтаваў пляны па разьмяшчэньні ў Польшчы амэрыканскай вайсковай базы, якую прапанавалі назваць «Форт Трамп». Неабходнасьць сталай амэрыканскай вайсковай прысутнасьці Польшча аргумэнтавала патрэбай стрымліваць «пагрозу з боку Расеі, якая расьце».

Зьяўленьне сталай вайсковай базы ЗША ў Польшчы «зьменіць геапалітычны ляндшафт Эўропы» і стане «важным крокам да ўзмацненьня прысутнасьці ЗША ў Польшчы і ў Эўропе ў цэлым», заявіў намесьнік міністра абароны Польшчы Томаш Шаткоўскі.

У Маскве лічаць, што «Варшава, па сутнасьці, прапануе перавесьці канфрантацыю Захаду з Расеяй на пастаянную, доўгатэрміновую аснову». Бабіч папярэдзіў і беларускіх партнэраў, і «тых, хто нешта задумвае», што для Польшчы ці краінаў Балтыі ваеннае супрацьстаяньне з Расеяй «нічога добрага не прынясе». Расейскі амбасадар нагадаў, што Расея і Беларусь зьяўляюцца Саюзнай дзяржавай, у якой адзіная вайсковая палітыка. Беларусь у гэтым пляне «абсалютна абароненая і можа быць абсалютна спакойная», дадаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG