Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: амаль палова амэрыканскіх вайскоўцаў чакае вялікай вайны


Вайскоўцы ЗША на вучэньнях каля Тбілісі ў жніўні 2017
Вайскоўцы ЗША на вучэньнях каля Тбілісі ў жніўні 2017

Прыблізна палова дзейных амэрыканскіх вайскоўцаў лічаць, што ЗША ў бліжэйшы час будуць уцягнутыя ў буйную вайну.

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага выданьнем Military Times, пра што паведамляе Голас Амэрыкі.

Каля 46 адсоткаў вайскоўцаў, якія прынялі ўдзел у ананімным апытаньні чытачоў Military Times, лічаць, што ЗША будуць уцягнутыя ў новую вайну на працягу году.

Гэта велізарны рост занепакоенасьці, калі параўнаць сёлетні вынік з 5 працэнтамі рэспандэнтаў, якія прытрымліваліся такога самага меркаваньня ў апытаньні, праведзеным у верасьні 2017 году.

Пры гэтым 50 адсоткаў апытаных лічаць, што краіна ня возьме ўдзелу ў буйным канфлікце ў найбліжэйшым годзе. Але гэты паказьнік скарачаецца: летась больш за дзьве траціны апытаных лічылі вайну малаверагоднай.

Адказваючы на пытаньні аб канкрэтных краінах, якія выклікаюць у іх заклапочанасьць, вайскоўцы ў першую чаргу называлі Расею і Кітай.

Апытаньне паказала істотнае павелічэньне долі вайскоўцаў, якія лічаць гэтыя краіны значнай або буйной пагрозай.

Каля 71 адсотка лічаць, што Расея ўяўляе значную пагрозу, што на 18 працэнтных пунктаў больш, чым у леташнім апытаньні.

Аналягічным чынам, 69 адсоткаў апытаных лічаць, што Кітай уяўляе значную пагрозу, што на 24 працэнтных пункта больш, чым летась.

Амаль 52 працэнты апытаных заявілі, што боегатоўнасьць узброеных сілаў ЗША аслабла з моманту іх паступленьня на службу, а 12 адсоткаў лічаць, што яна зьнізілася значна.

Менш за траціну лічаць, што боегатоўнасьць вырасла ў параўнаньні з тым часам, калі яны паступілі на службу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG