У Новасыбірску зьбіраюцца паставіць помнік Сталіну

Помнік Сталіну ў мястэчку Сьвіслач. Ілюстрацыйнае фота.

Вынікі конкурсу на яго праект абвесьцяць 6 лістапада.

Месца для помніка Сталіну выбіраюць праз інтэрнэт. Гарадзкая адміністрацыя прапанавала тры варыянты, адзін зь якіх знаходзіцца ў цэнтры гораду, яшчэ два — на ўскраінах.

Гэта ня першая спроба паставіць помнік кіраўніку СССР у Новасыбірску. Мясцовая філія Камуністычнай партыі спрабуе зрабіць гэта з 2000 году і нават назьбірала на бюст 450 тысяч расейскіх рублёў (каля 7500 даляраў).

Кіраўнік гарадзкога дэпартамэнту культуры Ганна Церашкова ў размове з журналістамі тэлеканалу «Настоящее время» адмовілася камэнтаваць намер паставіць у горадзе бюст Сталіна. Пры гэтым чыноўніца адзначыла, што фармальных прычын адмаўляць ва ўстаноўцы помніка няма. Вынікі электроннага абмеркаваньня ў мэрыі плянуюць падвесьці 6 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 101-м годзе памёр службовец, які зносіў помнік Сталіну і шукаў жыльлё для Освальда

З пачатку 2000-х гадоў у Расеі было ўстаноўлена некалькі помнікаў Сталіну. Самы скандальны зь іх — у Сургуце. Бюст паставілі актывісты арганізацыі «Русский дух» без дазволу ўладаў і за некалькі мэтраў ад памятнага знаку ахвярам палітычных рэпрэсій. Дадзеныя апытаньня дзяржаўнай сацыялягічнай службы Расеі паказалі, што большасьць грамадзян краіны падтрымлівае ўшанаваньне памяці Ёсіфа Сталіна ўстаноўкай помнікаў і мэмарыяльных дошак.