Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 101-м годзе памёр службовец, які зносіў помнік Сталіну і шукаў жыльлё для Освальда


Васіль Шарапаў, архіўнае фота 2013 году

Памёр былы старшыня Менскага гарвыканкаму Васіль Шарапаў. Летась 25 жніўня ён адзначыў 100-гадовы юбілей і стаў міжвольным сьведкам самых значных палітычных працэсаў ХХ стагодзьдзя.

Нарадзіўся ў 1916 годзе на Меншчыне, пасьля былі Халхін-Гол і франты Другой усясьветнай вайны, раненьне і страта нагі. У мірны час паўтара дзясятка гадоў кіраваў Менгарвыканкамам, да канца 1980-х — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог.

Васілю Іванавічу давялося ўдзельнічаць у эпахальнай падзеі — у 1961 годзе скідаць з п’едэсталу помнік правадыру ўсіх народаў. Бронзавага Сталіна паставілі ў Менску 21 верасьня 1952 году. У той жа дзень зьявілася пастанова аб наданьні ягонага імя абноўленаму праспэкту — былой вуліцы Савецкай. Працуючы ў райкаме Сталінскага (цяпер Заводзкага) раёну, Шарапаў наўрад ці мог нават уявіць, што празь нейкі час давядзецца кантраляваць дэмантаж пампэзнай 10-мэтровай статуі. Вось што ён успамінаў у адным з апошніх інтэрвію Радыё Свабода:

Васіль Шарапаў, архіўнае фота 2013 году
Васіль Шарапаў, архіўнае фота 2013 году

«У канцы 1952 году я прыйшоў у Менскі гаркам другім сакратаром. Помнік на Цэнтральнай плошчы ўжо стаяў, а заканчвалі яго, калі я працаваў яшчэ ў Сталінскім райкаме. Дакладней, скульптура была выкананая, яе толькі „абсмоктвалі“ на розных важных нарадах. Памятаю, як упершыню трапіў на сход да аднаго з аўтараў — Заіра Азгура. У будынку яшчэ недабудаванага „Мінскпраекту“ была ўстаноўленая фігура Сталіна ў гіпсе. Выслухоўвалася канструктыўная крытыка: што зроблена правільна, што можна яшчэ ўдасканаліць. Сабраліся чалавек пад 30 скульптараў, мастакоў, архітэктараў; кожны выказваў сваю думку, рабіў заўвагі. Вядома, Азгур адбіўся, адстаяў сваю ідэю, і ўрэшце праект зацьвердзілі. А як толькі пачалі будаваць, фундамэнт рыхтаваць, то кожны дзень выяжджаў на месца».

5 сакавіка 1953 году Сталін сканаў, неўзабаве ХХ зьезд КПСС разьвянчаў культ асобы. Тым ня меней да пачатку 1960-х манумэнт усё яшчэ ўзвышаўся над Менскам. Чаму так доўга?

«У 1956-м акрэсьлілі збольшага маральнае стаўленьне да ўсяго, што адбывалася пры Сталіну. А калі ў 1961 годзе прайшоў ХХІІ зьезд будаўнікоў камунізму, выступіў Хрушчоў (я таксама быў на тым зьезьдзе), дэлегаты ўжо прынялі рашэньне вынесьці парэшткі Сталіна з Маўзалею, пахаваць побач са сьцяной на Краснай плошчы. І ў ноч на 1 лістапада зрабілі перазахаваньне. Гэтаксама вырашылі прыбраць помнікі, перайменаваць аб’екты, плошчы, праспэкты... Прайшло літаральна некалькі дзён, як вярнуліся мы са зьезду, тэлефануе мне першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Кірыл Мазураў: маўляў, заўтра пачнуць разьбіраць помнік Сталіну. Да гэтай працы, кажа, сам ня лезь, усё будуць рабіць вайскоўцы. Але як усё будзе арганізавана, як усё будзе праходзіць, трэба паназіраць асабіста. І я, уласна кажучы, з пазыцыі назіральніка бачыў, як дэмантавалі помнік, члянілі фігуру на часткі».

Куды падзеліся рэшткі бронзавага правадыра, няма пэўнасьці дагэтуль. Сам жа Васіль Шарапаў згадваў, што па першым часе гэта захоўвалася на складзе:

«Помнік вывозілі парэзаны, па частках. Фрагмэнты расклалі па скрынях, запакавалі і падпісалі, што дзе канкрэтна, якія дэталі. Была ў нас такая гаспадарка — трэст добраўпарадкаваньня, у раёне цяперашняй вуліцы Караля, на тагачаснай Абутковай, дзе былі старыя габрэйскія могілкі. Там месьціліся ангары для аўтатранспарту па ачыстцы і прыбіраньні вуліц. Я выклікаў упраўляючага трэстам Нісенбаўма, сказаў, каб ён прыняў па вопісе на склад і выставіў ахову — каб ніхто не пасягаў. Гэта была, па сутнасьці, такая адрына з дахам, зачыненая на замкі. Там усе сталінскія кавалкі і ляжалі. Лічыце, чатыры скрыні — галава, тулава, ногі з ботамі... Пры канцы 1960-х, калі я ўжо сыходзіў з гораду, наведаўся туды ў апошні раз. Куды помнік падзеўся потым? Хто яго ведае. Можа, урэшце на пераплаўку пайшоў. Што яго трымаць? Тым больш разрэзаны...»

Васіль Шарапаў, фота зь сямейнага архіву
Васіль Шарапаў, фота зь сямейнага архіву

У гісторыю ХХ стагодзьдзя Шарапаў увайшоў і як удзельнік іншай гучнай гісторыі. На пачатку 1961 году ён займаўся падборам жытла для амэрыканскага марксіста-перабежчыка Лі Гарві Освальда. У інтэрвію Свабодзе згадваў, што атрымаў ад вышэйшых органаў распараджэньне — арганізаваць у найлепшым выглядзе. Праўда, хоць сам Освальд у сваіх дзёньніках сьцьвярджае, што «быў на прыёме ў таварыша Шарапава», з пэўнасьцю пацьвердзіць гэты факт Васіль Іванавіч не бярэцца. Не выключае, што спэцслужбы маглі разыграць «спэктакль»:

«Затэлефанавалі з ЦК КПСС, гаварыў намесьнік загадчыка аддзелу. Маўляў, ёсьць такі чалавек, яму ў Менску павінна быць знойдзена жытло, адпаведнае рашэньне падпісанае. І ўдакладніў: каб абавязкова была прыстойная кватэра. Трэба дык трэба, я салдат ЦК, для мяне ЦК — закон. І знайшлі: у добрым доме, пад шпілем, на беразе Сьвіслачы. Сапраўды, размова такая вялася, але асабіста Освальда я ня бачыў. Не выключаю, што на другі дзень хтосьці з кадэбістаў адзеўся ў цывільнае і прыняў яго пад маім імем, прадставіўся Шарапавым. Освальд што, правяраць дакумэнты будзе? Ды яшчэ па-руску амаль не гаворыць. А гэтым людзям трэба было здабыць любую інфармацыю, таму хлопцы заўсёды вакол яго круціліся. Можа, праз тэлефон Освальд са мной і гаварыў, дамаўляўся, можа, нейкую інфармацыю яму і даў. Але цяпер ужо не прыгадаю, бо кожны дзень прымаў дзясяткі чалавек».

Васіль Шарапаў нарадзіўся 25 жніўня 1916 году пад Крупкамі. У 1934-м скончыў аршанскую чыгуначную вучэльню, праз тры гады прызваны ў войска — на Далёкі Ўсход. Але замест дэмабілізацыі ў 1939-м быў перакінуты ў Манголію, на Халхін-Гол. З пачаткам ваенных дзеяньняў у Эўропе адпраўлены навучацца на камандзіра бронецягніка. Пры крушэньні саставу паранены, пасьля гэтага пераводзіцца ў атрад рэактыўных мінамётных сыстэмаў «Кацюша». Атрымлівае другое раненьне. Удзельнічае ў апэрацыі «Багратыён». У 1944-м цяжка паранены пад Воршай, ампутавалі нагу. Праз год дэмабілізаваны ў рангу капітана. Ад 1945-га працуе ў гаркаме Сталінскага раёну Менску, потым на пасадзе другога сакратара менскага гаркаму. Цягам 1954–1969 гадоў узначальваў Менгарвыканкам. Наступныя тры гады — першы сакратар гаркаму партыі. Ад 1972 да 1989 гадоў — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог Беларусі.

XS
SM
MD
LG