Нікаляс Мадура зьбіраецца выступіць з прамовай «у абарону праўды Вэнэсуэлы» з трыбуны ААН. Трамп сказаў, што ён гатовы сустрэцца «з кім заўгодна», каб дапамагчы людзям.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выказаў перад журналістамі гатоўнасьць сустрэцца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадурам, які 26 верасьня прыбыў у Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
«Вядома, я адкрыты, я гатовы сустрэцца з кім заўгодна, — сказаў Трамп наконт сустрэчы з Мадурам. — Мы зьбіраемся дапамагчы Вэнэсуэле; калі ён тут і калі ён хоча сустрэцца... Я гэтага не плянаваў, аднак калі я магу дапамагчы людзям, то менавіта дзеля гэтага я тут і знаходжуся».
Трамп таксама заявіў, што гатовы да «любых варыянтаў» наданьня дапамогі Вэнэсуэле ў выхадзе з эканамічнага і палітычнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вэнэсуэлы палічылі «нармальнай» міграцыю з краіны 1 600 000 жыхароў за тры гады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Вэнэсуэле мае дасягнуць 1 000 000% за год, — МВФ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курыца за 14 мільёнаў. Горы грошай, якія вам спатрэбяцца ў ВэнэсуэлеЯк піша Reuters, прадстаўнікі Белага дому пакуль заявілі, што сустрэча кіраўнікоў ЗША і Вэнэсуэлы не плянуецца, а Міністэрства інфармацыі Вэнэсуэлы не адказала на запыт Reuters. Яшчэ ў 2017 годзе прадстаўнікі Белага дому казалі, што сустрэча Трампа і Мадуры магчымая толькі тады, калі Вэнэсуэла зноў стане дэмакратычнай краінай.
Aterrizando en Nueva York para participar en la Asamblea General de las Naciones Unidas. Traigo la voz de todo mi pueblo, vengo cargado de Pasión Patria para defender la verdad. pic.twitter.com/IiDUjHfRQ2
— Nicolás Maduro (@NicolasMaduro) September 26, 2018
Мадура плянуе выступіць з трыбуны Генэральнай асамблеі ААН з прамовай, каб «абараніць праўду Вэнэсуэлы, данесьці голас нашай радзімы». Так ён сказаў на відэа, зьнятым на борце прэзыдэнцкага самалёту перад вылетам у Злучаныя Штаты і апублікаваным у афіцыйным твітэры. Разам зь ім ляціць ягоная жонка Сылія Флёрэс, супраць якой ЗША толькі што — 25 верасьня — увялі санкцыі.
Сустрэча з Трудо не адбудзецца праз гандлёвую спрэчку
Паводле Reuters, Трамп заявіў, што адмовіў канадзкаму прэм’ер-міністру Джастыну Трудо праз павольныя перамовы пра NAFTA — паўночнаамэрыканскае пагадненьне аб вольным гандлі.
Прадстаўнік Трудо заявіў з гэтай нагоды, што Канада «ні аб якой сустрэчы не прасіла», і адмовіўся ад далейшых камэнтароў.
Трамп, сярод іншага, пагражаў падвысіць мыты на канадзкія аўтамабілі, бо канадзкія тарыфы, казаў ён, занадта высокія і не абмяркоўваюцца. Ён дадаў: «Мы вельмі незадаволеныя перамовамі і стылем перамоваў Канады, нам таксама вельмі не падабаецца іхны прадстаўнік».