Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прамова Трампа ў ААН: пра Іран, Расею, сусьветны ўрад ды іншае


Дональд Трамп выступае ў ААН
Дональд Трамп выступае ў ААН

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп 25 верасьня выступіў з прамовай на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Трамп заявіў, што ЗША, паважаючы інтарэсы іншых краін, разьлічваюць на такую ж павагу інтарэсаў ЗША. Вось некаторыя з тэмаў, па якіх выказаўся амэрыканскі прэзыдэнт.

Паўночная Карэя:

Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, Вашынгтон працуе з Паўночнай Карэяй, каб пераадолець пагрозу канфлікту. Інтарэсам абедзьвюх краін адпавядае дэнуклеарызацыя Паўночнай і Паўднёвай Карэі. Трамп падзякаваў паўночнакарэйскаму лідэру Кім Чэн Ыну за супрацоўніцтва, але адзначыў, што амэрыканскія санкцыі будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будзе дасягнута поўная дэнуклеарызацыя.

Сырыя:

Гаворачы пра «трагедыю ў Сырыі», Трамп запэўніў, што ЗША «адрэагуюць» у выпадку, калі рэжым Асада ўжыве хімічную зброю.

​Іран:

Прэзыдэнт ЗША выступіў з асуджэньнем на адрас Ірану, настойваючы на ядзерным раззбраеньні гэтай дзяржавы. Ён раскрытыкаваў ранейшае міжнароднае пагадненьне з Іранам, адзначыўшы, што менавіта пасьля гэтага пагадненьня Іран значна павялічыў свой вайсковы бюджэт.

Трамп таксама заявіў, што Іранам сёньня кіруе «жорсткі рэжым на чале з карумпаваным дыктатарам».

Вэнэсуэла:

Трамп назваў тое, што адбываецца ў Вэнэсуэле, «трагедыяй двух мільёнаў насельніцтва». Ён заявіў, што ў рэжыму прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры ёсьць «спонсары на Кубе», і абрынуўся на сацыялістычны ўрад.

«Вэнэсуэла калісьці была багатай нацыяй. Але сацыялізм заўсёды прыводзіў да заняпаду, карупцыі і прыгнёту, — заявіў Трамп. — Усе краіны сьвету павінны супрацьстаяць сацыялізму».

Ён падкрэсьліў, што ў Вэнэсуэле неабходна «аднаўляць дэмакратыю», якая была зьнішчана рэжымам Мадуры, і абвясьціў, што ЗША ўводзяць новыя санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Вэнэсуэлы і яго атачэньня.

​Сусьветны ўрад:

Акрамя сацыялізму прэзыдэнт ЗША таксама вельмі рэзка выказаўся пра «сусьветны ўрад». Ён заявіў, што кожная краіна ў сьвеце павінна самастойна вызначаць, як менавіта яна хоча жыць, і што ў гэтыя пытаньні не павінны ўмешвацца ні ААН, ні Сусьветная гандлёвая арганізацыя, ні іншыя наднацыянальныя міжнародныя арганізацыі.

«Амэрыка заўсёды будзе выбіраць незалежнасьць перад сусьветным урадам. Мы не гаворым іншым краінам, якім багам пакланяцца і ў адпаведнасьці зь якімі традыцыямі жыць. Мы просім таксама паважаць нашую незалежнасьць», — падкрэсьліў ён.

У прыватнасьці, ён запатрабаваў паважаць тое, што ЗША ўмацоўваюць свае межы ад некантраляванай міграцыі.

Расея:

Трамп толькі аднойчы згадаў Расею ў сваёй прамове: гэта было, калі ён закрануў тэму энэргетычнай бясьпекі. Ён пахваліў Польшчу за дывэрсыфікацыю закупак нафты і газу, якая дазволіць ёй менш залежаць ад паставак з Расеі, і яшчэ раз падкрэсьліў, што газаправод «Паўночны паток-2», які цяпер будуе Расея ў Нямеччыну, «паставіць Нямеччыну ў стопрацэнтную залежнасьць ад паставак газу з Расеі».

У сераду Дональд Трамп будзе старшыняваць на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным нераспаўсюду зброі масавага зьнішчэньня. Чакаецца, што размова пойдзе пра ядзерную праграму Ірана і пра хімічную зброю ў Сырыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG