Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што хутка абвесьціць дату новай сустрэчы з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, а таксама чакае новай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе тэлеканал CBS.
Тым часам Associated Press цытуе словы амэрыканскага прэзыдэнта пра тое, што ён гатовы сустрэцца з кіраўніком Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура: «Я гатовы сустрэцца зь любым ў любы час, калі магу захаваць жыцьці, дапамагчы людзям». Трамп, які прыбыў на генэральную асамблею ААН, адказваў на пытаньні журналістаў ці магчыма вайсковае ўмяшаньне ЗША, каб адхіліць Мадура ад улады. У аўторак адміністрацыя ЗША ўвяла фінансавыя санкцыі супраць Мадура і ягонага атачэньня.
Амэрыканскі прэзыдэнт ухіліўся ад адказу на пытаньне аб тым, як ён ставіцца да паставак з Расеі ў Сырыю зэнітных комплексаў С-300, паведамляе Times of Israel. Як вынікае з заяваў Масквы, гэтыя сродкі СПА накіраваныя ў першую чаргу супраць Ізраілю, які зьяўляецца галоўным саюзьнікам адміністрацыі Трампа на Блізкім Усходзе. Паводле дадзеных ізраільскай газэты, амэрыканскі лідэр толькі заявіў, што пры неабходнасьці абмяркуе з Пуціным гэтую праблему.
У панядзелак дарадца па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Болтан падчас выступу на Генасамблеі ААН папярэдзіў, што перадача сырыйскім войскам комплексу С-300 стала б «істотнай эскаляцыяй» з боку Расеі. Ён выказаў надзею, што Масква адмовіцца ад гэтых паставак.
Крэмль прыняў такое рашэньне ў адказ на катастрофу Іл-20: самалёт быў зьбіты сырыйскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны пры спробе атакаваць ізраільскія самалёты. Расея абвінаваціла ў інцыдэнце Ізраіль. На думку расейскіх вайскоўцаў, ізраільскія пілёты хаваліся за расейскім самалётам. Ізраіль паведаміў, што Маскве доказы, якія гэта зьняпраўджваюць.
Першая афіцыйная сустрэча паміж Трампам і Пуціным адбылася ў Хэльсынкі сёлета 16 ліпеня. Тады амэрыканскія СМІ, экспэрты, шэраг былых чыноўнікаў і кангрэсмэнаў ад абедзьвюх галоўных партый ЗША выказалі расчараваньне слабымі, на іх думку, паводзінамі Трампа ў адносінах да Пуціна, якога амэрыканскія спэцслужбы лічаць арганізатарам ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары. Трамп адхіліў крытыку і пазьней даручыў Беламу дому рыхтаваць для яго новую сустрэчу з Пуціным. Першапачаткова чакалася, што яна адбудзецца ўвосень, аднак пазьней яна была перанесеная на 2019 год.