Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім офісе расейскай кампаніі з «чорнага сьпісу» ЗША сказалі, што яе там «няма»


 Офіс у Менску, на які зарэгістраваная Nilco Group
Офіс у Менску, на які зарэгістраваная Nilco Group

Карэспандэнт Свабоды наведаў офіс № 705 у менскім бізнэс-цэнтры «Вікторыя-Алімп» на праспэкце Пераможцаў, дзе зарэгістраваныя дзьве кампаніі з новага санкцыйнага сьпісу ЗША.

У сьпісе кампаніяў, для якіх ЗША ўвяла новыя абмежаваньні ў гандлі, дзьве зарэгістраваныя ў Беларусі юрыдычныя асобы — Nilco Group і Mohammad Ghassem Najafi.

Група кампаніяў Nilco Group, якая мае офісы ў Маскве, Менску і Тэгеране, трапіла пад санкцыі за матэрыяльную дапамогу іранскай ракетнай праграме.

Паводле афіцыйнага сайту, Nilco Group была створаная ў 1999 годзе ў Маскве для гандлю ў краінах СНД. Даччыныя кампаніі гэтай групы ў Расеі, Украіне, Беларусі, Літве, Іране, Турэччыне і Сынгапуры гандлююць збожжам, нафтапрадуктамі, стальлю, лесаматэрыяламі, цэмэнтам, паперай, электроннымі дэталямі, аказваюць партовыя паслугі.

Карэспандэнт Свабоды не знайшоў ніякіх шыльдаў кампаніі на дзьвярах офісу ў Менску, пазначанага на сайце. Чалавек, які знаходзіўся ў офісе № 705, сказаў, што Nilco Group там няма, маўляў, «трапілі не на той адрас».

Па тэлефоне кампаніі, пазначаным на сайце, адказалі, але ад камэнтароў адмовіліся.

У Менску пад гэтым жа адрасам зарэгістравана яшчэ адна юрыдычная асоба — Mohammad Ghassem Najafi, якая таксама трапіла пад гандлёвыя абмежаваньні. Аднак і пра яе ў менскім офісе нічога ня ведаюць.

У «Доме дружбы іранцаў» таксама нічога ня кажуць

Праспэкт Пераможцаў, 103, офіс 705 — гэта яшчэ і юрыдычны адрас грамадзкага аб’яднаньня «Дом дружбы іранцаў». Яго кіраўнік, асьпірант БНТУ Хамід Байрамзадэ пацьвердзіў гэты факт карэспандэнту Свабоды. Аднак сказаў, што ня мае ніякай інфармацыі ні пра кампанію Nilco Group, ні пра Mohammad Ghassem Najafi.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG