Amnesty International назвала расейскага апазыцыянэра Навальнага вязьнем сумленьня

Навальны быў зноў затрыманы, як толькі выйшаў на волю з маскоўскага спэцпрымальніка.

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны зьяўляецца вязьнем сумленьня і павінен быць неадкладна вызвалены. Пра гэта заявіла дырэктарка маскоўскага прадстаўніцтва міжнароднай праваабарончай арганізацыя Amnesty International Натальля Зьвягіна.

Навальны зранку 24 верасьня выйшаў на волю з маскоўскага спэцпрымальніка, дзе адбыў 30 дзён адміністрацыйнага арышту за «забастоўку выбарнікаў» 28 студзеня. Як напісалі відавочцы, яго затрымалі на выхадзе: адчынілі дзьверы і тут жа павялі ў аўтобус, які зьвёз Навальнага ў невядомым кірунку.

На Навальнага, напісаў ягоны паплечнік Леанід Волкаў, афармлялі адміністрацыйную справу за «парушэньні пры правядзеньні мітынгу, якія пацягнулі шкоду здароўю чалавека» (ч.4 арт. 20.22 КаАП РФ).

Паводле Волкава, гэты артыкул на ягонай памяці «не ўжываўся ніколі». Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам 100–300 тысяч расейскіх рублёў (3139–9417 беларускіх рублёў) або арыштам на тэрмін да 20 дзён. Волкаў мяркуе, што гэта можа стаць пачаткам «фабрыкацыі» новай крымінальнай справы.

Разгон расейскага пратэсту супраць пэнсійнай рэформы. Фотагалерэя

Прыхільнікі Навальнага 9 верасьня, падчас ягонага папярэдняга арышту, правялі ў 83 гарадах Расеі акцыі супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Новы арышт Deutche Welle зьвязвае з той акцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея: камандуючы Расгвардыяй паабяцаў зрабіць з Навальнага «адбіўную»

Таксама падчас арышту Навальнага старшыня Расгвардыі Аляксей Золатаў выклікаў Навальнага «на дуэль» (такая практыка не дазволеная расейскімі законамі з часоў Пятра І) за расьсьледаваньне аб карупцыі ў закупках ягоным ведамствам харчаваньня для работнікаў. Волкаў мяркуе, што новы арышт — спосаб Золатава «весьці дуэль».