Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага апазыцыянэра Навальнага другі раз сёлета асудзілі на 30 сутак арышту


Аляксей Навальны каля суду 27 жніўня 2018
Аляксей Навальны каля суду 27 жніўня 2018

Цьвярскі суд Масквы асудзіў расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага на 30 сутак арышту. Гэта ўжо другі арышт палітыка на працягу 2018 году. Першы раз 30 сутак Навальнаму прысудзілі ў траўні — за арганізацыю акцыі «Ён нам не цар».

Гэтым разам апазыцыйнага палітыка абвінавацілі ў «паўторным парушэньні правілаў правядзеньня публічнага мерапрыемства», а менавіта ў арганізацыі 28 студзеня «забастоўкі выбарнікаў».

У пачатку слуханьняў абарона Навальнага папрасіла час азнаёміцца са справай, бо яна ўключала ў сябе 219 старонак і 5 дыскаў зь відэазапісамі. Судзьдзя вылучыў на гэта адвакатам і падсуднаму толькі паўгадзіны.

Пазьней абарона падала хадайніцтва аб выкліку ў суд паліцыянітаў, якія затрымлівалі Навальнага і якія складалі на яго пратакол, а таксама запатрабавала спыніць справу, бо ў пратаколе затрыманьня не адзначана, якія менавіта дзеяньні палітыка паліцыя палічыла правапарушэньнем. Абодва гэтыя хадайніцтвы судзьдзя адхіліў.

У канцы слуханьняў Аляксей Навальны заявіў, што не сумняваецца ў абвінаваўчым рашэньні судзьдзі і лічыць, што ўся справа зладжаная выключна для таго, каб перашкодзіць яму ўдзельнічаць ва усерасійскай акцыі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту. Палітык заявіў яе на 9 верасьня.

У панядзелак жа стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Расеі чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі «Расея Будучыні», якую Навальны арганізаваў са сваімі прыхільнікамі. Гэтым разам міністэрства спаслалася на недахоп дакумэнтаў.

Зарэгістраваць сваю партыю Аляксей Навальны спрабуе ўжо шосты год — раней пад назвамі «Народны Альянс» і «Партыя Прагрэсу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG