Рашэньне аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве пацьверджанае

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і Патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей, 31 жніўня

Мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс) пацьвердзіў у інтэрвію L'Agenzia Società per l’Informazione Religiosa, што рашэньне аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве прынятае Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем.

Як сьцьвярджае мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс), Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей прыняў рашэньне, «памятаючы пра сваю адказнасьць як мацярынскай царквы і ў адказ на просьбы ўкраінскага народу, пасьля глыбокага аналізу гэтага пытаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ назвала дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату ва Ўкраіне «подлымі і вераломнымі»

Ён дадае, што працэс наданьня аўтакефаліі ня мусіць быць прычынай падзелу ці расколу Праваслаўнай царквы, а прызначэньне двух экзархаў ва Ўкраіну з боку Ўсяленскага патрыярхату павінна «падкрэсьліць рашучасьць Варфаламея пасьпяхова разьвязаць нязгоды між украінскімі праваслаўнымі». Аўтакефалія УПЦ мае зблізіць розныя галіны ўкраінскага праваслаўя, кажа мітрапаліт Гальскі.

Ілюстрацыйнае фота

Раней былі толькі неафіцыйныя паведамленьні пра тое, што на сустрэчы патрыярха Канстантынопальскага і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла першы паведаміў другому пра рашэньне ўтварыць ва Ўкраіне аўтакефальную царкву. РПЦ назвала дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату ва Ўкраіне «подлымі і вераломнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: «Украіна ня будзе пытацца дазволу ні ў Пуціна, ні ў Кірыла, як маліцца»

У красавіку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвяртаўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.

Аўтакефальная праваслаўная царква ў сучасным разуменьні — гэта памесная праваслаўная царква з замацаванай за ёй кананічнай тэрыторыяй, на якой не павінны дзейнічаць іншыя памесныя царквы. Гэты статус прадугледжвае яе адміністрацыйную незалежнасьць ад іншых памесных цэркваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ выступіла супраць «агрэсіўнага ўмяшаньня» Канстантынопалю ва ўнутраныя справы РПЦ ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ: «Канстантынопаль для нас бабуля, Расейская праваслаўная царква мацярынская для нас»