Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: «Украіна ня будзе пытацца дазволу ні ў Пуціна, ні ў Кірыла, як маліцца»


Пятро Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Варфаламей падчас сустрэчы ў Канстантынопалі ў красавіку 2018

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адрэагаваў на заяву Рускай праваслаўнай царквы аб «рашучым пратэсьце і глыбокім абурэньні» у сувязі рашэньнем Канстантынопальскага патрыярхату прызначыць у Кіеве двух экзархаў (павераных) у рамках падрыхтоўкі да прадстаўленьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.

«Калі мы будзем маліцца і змагацца — томас (указ аб наданьні аўтаноміі) і Адзіная памесная Ўкраінская праваслаўная царква будуць ва Ўкраіне раней, чым хтосьці чакае. Як і ў выпадку з NATO, як і ў выпадку зь Эўрапейскім зьвязам, мы ня будзем пытацца дазволу ні ў Пуціна, ні ў Кірыла (кіраўнік РПЦ), як нам маліцца, у якія храмы хадзіць, куды нам рухацца і як нам жыць», — сказаў Парашэнка.

8 верасьня сынод РПЦ выступіў з заявай, у якой выказаў «рашучы пратэст і глыбокае абурэньне» у сувязі з рашэньнем Канстантынопальскага патрыярхату прызначыць у Кіеве двух экзархаў.

«Гэтае рашэньне прынятае без узгадненьня з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Ўкраіны Ануфрыем, і зьяўляецца грубым зьневажаньнем царкоўных канонаў», — адзначылі ў РПЦ і паабяцалі дзеяньні ў адказ.

А прадстаўнік РПЦ, мітрапаліт Іларыён заявіў, што РПЦ разарве эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопальскім патрыярхатам у выпадку, калі праваслаўная царква Ўкраіны атрымае аўтакефалію.

7 верасьня Сусьветны патрыярхат прызначыў двух экзархаў у Кіеве ў рамках падрыхтоўкі да наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG