Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ назвала дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату ва Ўкраіне «подлымі і вераломнымі»


Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (зьлева) і Сусьветны патрыярх Барталамей, Стамбул, 31 жніўня 2018 году.

У Маскоўскім патрыярхаце лічаць, што царкоўная дыпляматыя вычарпала сябе ў дыялёгу з Канстантынопальскай царквой па «украінскім пытаньні».

З такой заявай выступіў кіраўнік сынадальнага аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў мітрапаліт Іларыён. У эфіры тэлеканалу «Расея-24» ён назваў дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату «подлымі і вераломнымі».

Мітрапаліт Іларыён папярэдзіў, што калі ўкраінская царква атрымае аўтакефалію, адносіны з Канстантынопальскім патрыярхатам будуць разарваныя.

Раней сёньня Сынод Расейскай праваслаўнай царквы выступіў з адмысловай заявай у сувязі з учорашнім прызначэньнем двух прадстаўнікоў патрыярха Барталамея ва Ўкраіну. У заяве гаворыцца пра «грубыя парушэньні канонаў» з боку Канстантынопальскага патрыярхату.

У Сынодзе РПЦ лічаць, што дзеяньні патрыярха Барталамея заводзяць у тупік адносіны паміж Расейскай і Канстантынопальскай цэрквамі і «ствараюць рэальную пагрозу адзінству ўсяго сусьветнага праваслаўя», паведамляе «Інтэрфакс».

Напярэдадні стала вядома, што Канстантынопальскі патрыярхат прызначыў двух экзархаў у Кіеў «у рамках падрыхтоўкі да прадстаўленьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне».

Экзархат у сучасным праваслаўі і каталіцтве ўсходняга абраду — асобная царкоўная акруга, разьмешчаная за межамі краіны асноўнай юрысдыкцыі той ці іншай памеснай царквы (патрыярхату). Экзархат можа спэцыяльна стварацца для акармленьня вернікаў дадзенага абраду. Экзарх — тытул кіраўніка гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Некалькімі днямі раней, 1 верасьня, падчас Сынаксысу (Архірэйскага сабору) Канстантынопальскай царквы ў Стамбуле патрыярх Барталамей заявіў, што бярэ на сябе ініцыятыву па пераадоленьні ўкраінскага расколу, «паколькі Расея як адказная за цяперашнюю хваравітую сытуацыю ва Ўкраіне ня здольная вырашыць праблему».

Нагодай для гэтага патрыярх назваў просьбы ўкраінскага ўраду і кіраўніка Кіеўскага патрыярхату.

Як паведамлялася, у красавіку прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка зьвярнуўся да Барталамея з просьбай прадставіць Томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.

Аўтакефальная праваслаўная царква ў сучасным разуменьні — гэта памесная праваслаўная царква з замацаванай за ёй кананічнай тэрыторыяй, на якой не павінны дзейнічаць іншыя памесныя царквы. Гэты статус прадугледжвае яе адміністрацыйную незалежнасьць ад іншых памесных цэркваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG