З суду ў «справе Коржыча» выдалілі журналістаў

Суд у «справе Коржыча», архіўнае фота

Хадайніцтва аб правядзеньні закрытага паседжаньня падаў пракурор.

6 верасьня ў працэсе ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пройдзе закрытае паседжаньне. Хадайніцтва аб ім падаў дзяржаўны абвінаваўца. Ён абгрунтаваў гэта неабходнасьцю агучваньня інфармацыі, якая датычыць «асобных пытаньняў праходжаньня вайсковай службы», а таксама «стану здароў’я фігурантаў справы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За тыдзень да сьмерці быў псыхічна здаровы». Сьцісла пра асноўнае з працэсу ў справе Коржыча

У працэсе быў абвешчаны кароткі перапынак, падчас якога журналістаў папрасілі выйсьці з залі. З удзельнікаў працэсу возьмуць падпіску аб невыдаваньні ўсяго пачутага ў залі суду ў гэты дзень.

Пакуль невядома, калі журналісты зноў змогуць наведваць паседжаньні суду ў справе Коржыча.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей