Брытанія прапануе большыя санкцыі ЭЗ супраць Расеі

Джэрэмі Гант, архіўнае фота

Новы міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі ў сваім першым вялікім звароце будзе заахвочваць Эўрапейскі Зьвяз нарасьціць санкцыі супраць Расеі, бо блёк павінен стаяць «плячо ў плячо» са Злучанымі Штатамі, якія ўвялі новыя эканамічныя санкцыі да Масквы ў гэтым месяцы.

У прамове ў Інстытуце міру ЗША ў Вашынгтоне, заплянаванай на 21 жніўня, Джэрэмі Гант скажа, што ЭЗ павінен узмацніць ціск на Расею, каб прымусіць яе выконваць міжнародныя правілы, піша The Independent.

«Вядома, мы павінны ўзаемадзейнічаць з Масквой, але мусім таксама быць шчырымі: замежная палітыка Расеі прэзыдэнта Пуціна зрабіла сьвет больш небясьпечным», — піша Гант.

Без далейшых дзеяньняў, як плянуе сказаць Гант, аўтарытэт NATO будзе падарваны.

«Гэта азначае, што рэагаваць на злачынствы трэба адным моцным голасам, калі і дзе б яны ні адбываліся — ад вуліц Солсбэры да лёсу Крыму», — лічыць міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі амэрыканскі законапраект аб узмацненьні санкцый супраць Расеі

«Тыя, хто не падзяляе нашых каштоўнасьцяў, мусяць ведаць, што заўсёды будзе сур'ёзная адплата за перасячэньне чырвонай лініі — ці гэта ўварваньне празь мяжу, ці ўжываньне забароненай зброі, ці ўсё часьцейшыя кібэратакі», — такія словы ён мае сказаць у прамове.

Вялікая Брытанія, ЭЗ і ЗША вінавацяць Расею ў хімічнай атацы рэчывам «Новичок» на былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію ў ангельскім Солсбэры ў сакавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія будзе дамагацца экстрадыцыі дваіх расейцаў па справе пра атручваньні «Навічком»