Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі амэрыканскі законапраект аб узмацненьні санкцый супраць Расеі


Ініцыятар законапраекту сэнатар Ліндсі Грэм
Ініцыятар законапраекту сэнатар Ліндсі Грэм

На сайце Кангрэсу ЗША ў аўторак апублікаваны праект закону аб узмацненьні санкцый супраць Расеі, унесены раней групай сэнатараў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый на чале з сэнатарам Ліндсі Грэмам.

Дакумэнт пад назвай «Закон аб абароне бясьпекі Амэрыкі ад агрэсіі Крамля», быў распрацаваны неўзабаве пасьля сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Хэльсінкі 16 ліпеня. Ён утрымлівае як палітычныя заявы, так і пералік канкрэтных мер, якія заканадаўцы прапаноўваюць прыняць у адказ на дзеяньні Расеі.

У законапраекце гаворыцца, што Злучаныя Штаты не прызнаюць анэксіі Расеяй Крыму — на ўзор Дэклярацыі 1940 году пра непрызнаньне анэксіі Савецкім Саюзам краін Балтыі. Таксама дакумэнт забараняе адміністрацыі ЗША рабіць крокі, накіраваныя на выхад краіны з NATO.

У асобных разьдзелах законапраекту на Расею ўскладаецца адказнасьць за ўжываньне хімічнай зброі (гаворка ідзе аб атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у брытанскім Солсбэры), за кібэратакі і за ўмяшаньне ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, а таксама выказваецца меркаваньне, што Расея магла ўчыніць у Сырыі ваенныя злачынствы.

Законапраект прадугледжвае, што не пазьней, чым праз 180 дзён пасьля яго прыняцьця прэзыдэнт ЗША павінен увесьці санкцыі супраць «палітыкаў, алігархаў і іншых асоб, якія ажыцьцяўляюць нелегальную і карупцыйную дзейнасьць у інтарэсах прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна». Санкцыі павінныя быць уведзеныя і ў дачыненьні да сямейнікаў гэтых асоб і да арганізацый, зьвязаных з Пуціным.

Законапраект таксама прадугледжвае забарону на інвэстыцыі звыш 250 мільёнаў даляраў у энэргетычныя праекты па-за тэрыторыяй Расеі, у якіх удзельнічаюць зьвязаныя зь дзяржавай расейскія кампаніі. Забароненыя і інвэстыцыі ў здабычу нафты ў Расеі. Дакумэнт прадугледжвае таксама сур’ёзныя абмежаваньні на трансакцыі, зьвязаныя з расейскім сувэрэнным доўгам. Інвэстарам будзе забаронена купляць расейскія дзяржаўныя аблігацыі з тэрмінам звароту больш за 14 дзён. Законапраект прадугледжвае фактычную забарону на працу ў ЗША найбуйнейшых расейскіх банкаў, у тым ліку Ашчадбанка, ВТБ, Зьнешэканамбанка і Газпромбанка.

Асобны артыкул законапраекту прадугледжвае, што нацыянальная выведка ЗША на працягу 180 дзён павінна даць Кангрэсу падрабязную справаздачу аб асабістай маёмасьці і актывах Уладзіміра Пуціна і чальцоў яго сямʼі.

На працягу 90 дзён пасьля прыняцьця законапраекту дзяржсакратар павінен паведаміць Кангрэсу, ці адпавядае Расія крытэрам «дзяржавы-спонсара тэрарызму».

Калі будзе разгледжаны законапраект — пакуль незразумела. Папярэдні законапраект аб санкцыях у дачыненьні да Расеі быў прыняты ў мінулым годзе пераважнай большасьцю галасоў у абедзьвюх палатах Кангрэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG