Ва Ўкраіне судзьдзяў абавязалі інфармаваць пра паездкі ў Беларусь

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Усе інцыдэнты з украінскімі судзьдзямі ў Беларусі, Расеі, на непрызнаных і анэксаваных тэрыторыях будзе дасьледаваць СБУ.

Дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны сваім загадам зацьвердзіла часовы парадак кантролю выезду судзьдзяў, супрацоўнікаў судовых апаратаў, а таксама іншых органаў і ўстаноў украінскай сыстэмы правасудзьдзя ў Расею, Беларусь, а таксама непрызнаныя Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, у анэксаваны Расеяй Крым і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Адпаведны загад падпісаны 13 жніўня ў мэтах бясьпекі судзьдзяў», — сказалі Свабодзе ў Дзяржаўнай судовай адміністрацыі Ўкраіны.

Згодна з новымі правіламі судзьдзі павінны загадзя напісаць і перадаць у судовую адміністрацыю заяву пра намер наведаць гэтыя краіны і тэрыторыі, назваць мэту паездкі, а па вяртаньні здаць пісьмовую справаздачу па яе выніках.

У выпадку, калі пры перасячэньні мяжы (або ўжо на замежнай тэрыторыі) у дачыненьні да іх праводзіліся нейкія працэсуальныя захады (затрыманьні, вобшукі, допыты), гэтыя дакумэнты будуць перадавацца на рэагаваньне ў Службу бясьпекі Ўкраіны.

«Беларусь трапіла ў пералік толькі таму, што цяпер грамадзяне Ўкраіны, каб трапіць у Расею, мусяць перасякаць беларускую тэрыторыю», — удакладніў суразмоўнік Свабоды.

Дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны — дзяржаўны орган, які ажыцьцяўляе арганізацыйнае і фінансавае забесьпячэньне дзейнасьці органаў судовай улады.

Летась Міністэрства замежных спраў Украіны празь месяц пасьля зьнікненьня ў Беларусі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба і яго меркаванага выкраданьня расейскім ФСБ рэкамэндавала ўкраінцам устрымацца ад паездак у Расею праз тэрыторыю Беларусі аўтамабільным і чыгуначным транспартам, параіўшы карыстацца выключна авіяцыйным транспартам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцам афіцыйна рэкамэндавалі адмовіцца ад паездак у Расею празь Беларусь

Кіраўнік украінскага МЗС Паўло Клімкін наагул заявіў, што ўкраінцам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі.

У лютым 2017 году амбасада Ўкраіны ў Беларусі накіравала ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з затрыманьнем украінскага пісьменьніка Сяргея Жадана — ён быў затрыманы ў гатэлі «Юбілейны» беларускімі праваахоўнымі органамі, пазьней яму забаранілі наведваць Беларусь. Забарону скасавалі пасьля ўмяшаньня міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба спыняць любыя размовы і дыялёгі зь Беларусьсю». Ва Ўкраіне камэнтуюць высылку Жадана