У Таронта мужчына параніў 14 чалавек, забіў аднаго, застрэліўся

Паліцыянты на месцы здарэньня ў Таронта

Канадзкая паліцыя паведамляе, што ў Таронта ўзброены пісталетам мужчына параніў ня меней за 14 чалавек, а пасьля застрэліўся. Адзін з параненых памёр.

Страляніна пачалася позна ўвечары 22 ліпеня ў раёне Грыктаўн у Таронта, піша Reuters. Сярод параненых ёсьць адно дзіця, дзяўчынка ў крытычным стане.

Падазраваны, паводле некаторых зьвестак, страляў таксама ў паліцыянтаў. Відавочцы кажуць, што чулі каля 25 стрэлаў.

Прадстаўнік паліцыі Марк Пугаш заявіў, што пакуль рана казаць, ці зьяўляецца страляніна тэрактам. Паліцыя не выключае ніякіх магчымых матываў стралка.