Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найперш зьберагчы закладніка, — экспэрт пра інцыдэнт у Заслаўі і ўсясьветную практыку


Украінскі экспэрт у пытаньнях бясьпекі Сяргей Шабоўта мяркуе, што здарэньне ў беларускім Заслаўі з захопам закладніцы ў памяшканьні банку і забойствам яе бацькі-нападніка адлюстроўвае міжнародныя тэндэнцыі змаганьня з такімі злачынствамі.​

«На жаль, ліквідацыя нападніка як варыянт разьвіцьця спэцапэрацый можа мець месца, і гэта нельга разглядаць як унікальную ці няправільную падзею. Трэба разумець, што калі адбываецца захоп закладнікаў, нападнік знаходзіцца ў нейкім псыхапатычным стане, і прадбачыць ягоныя дзеяньні, схіліць яго да нейкіх перагаворных працэсаў — задача не заўсёды выканальная», — сказаў Свабодзе Сяргей Шабоўта.

Чаму імкнуцца зьберагчы жыцьцё нападніку?

Сяргей Шабоўта
Сяргей Шабоўта

У той жа час, на яго думку, у такіх выпадках, як правіла, імкнуцца зьберагчы злачынцу жыцьцё, каб зразумець яго матывы і вытокі дзеяньняў.

«Калі паводзіны нападніка сьведчаць пра тое, што ён неадэкватны і гатовы зьнішчыць закладнікаў, то ўхваляецца рашэньне на яго ліквідацыю», — кажа экспэрт.

На пытаньне, ці мусілі праваахоўнікі ўлічваць у дадзеным выпадку тыя акалічнасьці, што закладніцай была дачка нападніка, прычым цяжарная, Сяргей Шабоўта адказаў:

«Складана даць паўнавартасную ацэнку сытуацыі. Можна толькі ўявіць той стрэс, у якім апынулася сама дачка, і наступствы для яе будучага дзіцяці, ды яшчэ сьмерць бацькі... Хутчэй за ўсё, гэты канфлікт меў нейкія сямейна-роднасныя матывы ці нешта яшчэ. Але ў любым выпадку гэта, мабыць, была дэманстрацыя нейкіх патрабаваньняў.

Я ня ведаю дэталяў, але паўтаруся — рашэньне прымае і адказнасьць за прымяненьне зброі на зьнішчэньне бярэ на сябе кіраўнік спэцапэрацыі, і ён дзейнічае зыходзячы з сытуацыі. Крытыкаваць дзеяньні беларускіх праваахоўнікаў, у прафэсіяналізьме якіх я не сумняваюся, у маёй сытуацыі будзе непрафэсійна, бо я ня маю ўсёй дынамікі разьвіцьця сытуацыі і ня ведаю таго моманту, на падставе якога было ўхвалена рашэньне аб выкарыстаньні зброі на паражэнньне».

Будынак у Заслаўі, дзе адбылося здарэньне
Будынак у Заслаўі, дзе адбылося здарэньне

Экспэрт не выключае, што на момант ухваленьня рашэньня аб ліквідацыі нападніка ўжо было відавочна, што жыцьцё закладніцы пад пагрозай.

«Чалавек, які захапіў закладніка, узброены халоднай зброяй, ужо на гэты момант пераступіў мяжу закону, і яго ўспрымаюць як злачынца, а ягоныя дзеяньні — як злачынныя. Таму ўсе прагнозы разьвіцьця сытуацыі будуюцца ад гэтага, а не ад таго, што ён раптам адумаецца і пачне сябе паводзіць інакш. Такое разьвіцьцё падзей сустракаецца вельмі рэдка», — дадаў Сяргей Шабоўта.

Аналягічныя выпадкі ва Ўкраіне, калі нападнікаў не забівалі

Ва Ўкраіне за апошнія некалькі месяцаў таксама здаралася, што захоплівалі закладнікаў:

  • У сьнежні 2017 году ў Харкаве мужчына пагражаў падарваць аддзяленьне «Укрпошты», захапіўшы ў закладнікі 11 чалавек, у тым ліку 2 дзяцей. Сваіх патрабаваньняў ён не агучваў.
  • У Чаркасах у лютым 2018 году падчас ператрусу ў кватэры падазраваны ў незаконным абарачэньні зброі захапіў паліцэйскага, а ў траўні ў гэтым жа горадзе мужчына захапіў у закладнікі дэпутата абласной рады і застрэліў яго.
  • У ліпені 2018-га ў Івана-Франкоўскай вобласьці грамадзянін Турэччыны ўзяў у закладніцы сваю былую грамадзянскую жонку і пагражаў ёй забойствам, калі яна не пагодзіцца аднавіць стасункі.

У большасьці гэтых выпадкаў нападнікі агучвалі свае патрабаваньні, але ўсіх зламысьнікаў затрымалі ў выніку сілавых апэрацый.

Няма інструкцый на кожны выпадак

«Кожная сытуацыя — розная. Трэба разумець, што нападнік уваходзіць у канфлікт з законам, у канфлікт з уласным жыцьцём. Ён можа спачатку думаць, што злачынства будзе імітацыяй, а потым, ацэньваючы разьвіцьцё сытуацыі і прадбачачы нейкія сур’ёзныя наступствы для сябе, можа зьмяніць сваю тактыку, перайсьці ў стан глыбокага псыхічнага трансу і пачаць дзейнічаць неадэкватна. Пралічыць гэта і ўбачыць можна толькі ў той ці іншай сытуацыі, і кіраўніку спэцапэрацыі трэба ацаніць і прыняць да ўвагі велізарную колькасьць акалічнасьцяў», — тлумачыць экспэрт у пытаньнях бясьпекі.

Атрад міліцыі асаблівага прызначэньня падчас апэрацыі ў Заслаўі
Атрад міліцыі асаблівага прызначэньня падчас апэрацыі ў Заслаўі

Сяргей Шабоўта падкрэсьліў, што ва ўсіх краінах у выпадках з захопам закладнікаў працуюць добра падрыхтаваныя спэцыяльныя падразьдзяленьні, а не патрульныя паліцэйскія, хто трапіўся паблізу.

«Напісаць інструкцыі на кожны выпадак — задача нерэальная. Трэба ўлічваць, што сытуацыі з захопам закладнікаў разьвіваюцца вельмі дынамічна і нечакана. У выніку канчатковае рашэньне бярэ на сябе кіраўнік спэцапэрацыі. Як правіла, гэта людзі, у чыёй кампэтэнцыі і аб’ектыўнасьці прынятага рашэньня ніхто не сумняваецца. Гэта практыка ўсіх усясьветных службаў і спэцыяльных падразьдзяленьняў», — кажа Сяргей Шабоўта.

Як дзейнічаюць падчас нападаў з закладнікамі ў банках?

Паводле экспэрта, у Эўропе спэцыялісты ў пытаньнях бясьпекі банкаў арыентуюцца найперш на тое, каб зьберагчы жыцьцё закладнікаў у любой крызіснай сытуацыі.

«Жыцьцё — галоўная каштоўнасьць, таму банкам давалася права супрацоўнічаць (з нападнікамі) — гэта значыць, калі злачынец патрабуе грошай, то выконваць ягоныя патрабаваньні. Для эўрапейскіх банкаў гэтая тэма цяпер нескладаная, бо яны даўно перайшлі на грашовы абарот у электронным выглядзе, і гатоўкі ў банках — мінімум.

Апроч таго, спэцыялісты па бясьпецы разумеюць, што відэаманіторынг, які ёсьць у кожным аддзяленьні банку і на навакольных плошчах, дазваляе ў любым выпадку вызначыць і асобу самога злачынцы, і транспартныя сродкі, саўдзельнікаў і гэтак далей.

Эўрапейцы разглядаюць захоп закладнікаў у банку толькі ў адным ключы: як зрабіць усё, каб людзі засталіся жывыя. Усе наступствы і шкоду закрыюць страхавыя кампаніі, а галоўны ўпор робіцца на сыстэму відэаманіторынгу, якая дазваляе вызначыць, знайсьці і затрымаць злачынцаў».

Сяргей Шабоўта скончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча, служыў на Чарнаморскім флёце. Цяпер працуе ў сфэры бясьпекі, экспэрт, прэзыдэнт Усеўкраінскай асацыяцыі апэратараў рынку бясьпекі.

Ці можна было захаваць жыцьцё нападніку з Заслаўя? Думкі былых міліцыянтаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG