Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у аэрапорце Кабулу супаў з прыбыцьцём віцэ-прэзыдэнта

Генэрал Абдулрашыд Дустум (зь мікрафонам), 2016
Генэрал Абдулрашыд Дустум (зь мікрафонам), 2016

У нядзелю, 22 ліпеня, у кабульскім аэрапорце сьмяротнік у натоўпе падарваў сябе. Здарэньне адбылося ў той час, калі ад аэрапорта ад’яжджала аўтакалёна зь віцэ-прэзыдэнтам Аўганістану генэралам Абдулрашыдам Дустумам. За некалькі хвілінаў да таго ён вярнуўся з Турцыі, дзе правёў год у выгнаньні.

Паводле зьвестак міністэрства ўнутраных справаў Аўганістана, ахвярамі выбуху сталі як найменш дзесяць чалавек, генэрал Дустум не пацярпеў. Сярод параненых — мірныя жыхары і дзіця. Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці за напад.

Генэрал Дустум пакінуў краіну ў траўні летась у сувязі з падазрэньнямі ў датычнасьці да катаваньняў і выкраданьня палітычнага праціўніка Ахмада Ішчы. Афіцыйных абвінавачваньняў Абдулрашыду Дустуму выстаўлена не было.

Самалёт, зафрахтаваны аўганскім урадам для вяртаньня Дустума з Анкары, прызямліўся ў Кабуле ўвечары ў нядзелю. Яго сустракала дэлегацыя афіцыйных прадстаўнікоў і шматлікія прыхільнікі. Чакаецца, што па вяртаньні генэрал Дустум вернецца да выкананьня сваіх абавязкаў віцэ-прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG