Абаронцы Курапатаў адказалі на прапановы ўласьнікаў рэстарацыі «Поедем поедим»

Акцыя пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

«Нам няма пра што зь імі гаварыць, байкот працягваецца», — заявілі сябры грамадзкага штабу байкоту рэстарацыі «Поедем поедим».

Зайдэс адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў

Павал Севярынец у час акцыі супраць рэстарацыі «Поедем поедим»

Адзін зь лідэраў руху абароны Курапатаў Павал Севярынец адказаў на заявы ўласьніка рэстарацыі Леаніда Зайдэса:

«Нічога па сутнасьці Зайдэс не сказаў, ягоная прэсавая канфэрэнцыя — гэта спроба адцягнуць увагу ад байкоту ягонай установы. З бандытамі мы таксама размаўляць ня будзем, пакуль рэстарацыя не закрыецца».

Натальля Гарачка у час акцыі супраць рэстарацыі «Поедем поедим»

Натальля Гарачка заявіла Свабодзе:

«Насамрэч гэта забаўляльны комплекс, а не сямейны рэстаран, як кажа Леанід Зайдэс. Парушэньні там ужо былі, мы бачылі, як групамі расьпівалі сьпіртныя напоі, прычым на вачах малых дзяцей».

Ганна Шапуцька перакананая, што ў гэтай сытуацыі няма пра што размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі ля Курапатаў:

«Мы ставілі ўмовай пачатку перамоў тое, каб была закрытая ўстанова: як зьявіцца такая таблічка, дык мы і будзем размаўляць зь імі. А калі гэтага няма, дык няма пра што гаварыць. Мы будзем далей зьвяртацца ў пракуратуру, каб там адказалі, якім чынам незаконна далі зямлю пад гэтую рэстарацыю. І будзем працягваць байкот».

Ганна Шапуцька (у цэнтры) у час акцыі супраць рэстарацыі «Поедем поедим»

Севярынец назваў беззаконьнем учорашнія затрыманьні Вольгі Мікалайчык, Леаніда Кулакова і Маі Навумавай каля рэстарацыі «Гранд Кушавель» (яшчэ адной установы Зайдэса).

Актывісты абмеркавалі, як далей арганізаваць байкот рэстарацыі. Усяго прагучала 15 прапановаў. Сярод іх:

  • Байкот праз сацсеткі ўласьнікаў і супрацоўнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», наведнікаў рэстарацыі, якія агрэсіўна ставяцца да пікетоўцаў.
  • Зварот да пастаўшчыкоў рэстарацыі з заклікам спыніць супрацоўніцтва зь ёй. У пікетоўцаў падрыхтаваны сьпіс пастаўшчыкоў.
  • Зворот да мэдыя з заклікам максымальна шырока асьвятляць падзеі вакол Курапатаў.
  • Зварот да лідэраў цэркваў з заклікам далучыцца да грамадзкага байкоту.
  • Звароты са скаргамі на чыноўнікаў, адказных за сытуацыю вакол ахоўнай зоны Курапатаў.
  • Зварот ў Кнесэт Ізраіля аб сытуацыі з дзейнасьцю рэстарацыі каля Курапатаў.
  • Зварот па садзейнічаньне да беларускіай дыяспары ў ЗША і Канадзе.
  • Пачатак працы па падрыхтоўцы зварот ў ААН.
  • Спроба арганізаваць гістарычную канфэрэнцыю па Курапатах 23 жніўня, у Міжнародны дзень ушанаваньня ахвяраў бальшавізму і фашызму.
  • Стварэньне старонкі абаронцаў Курапатаў на Facebook.

Як вырашылі ўдзельнікі штабу грамадзкага байкоту рэстарацыі, паседжаньне яго будзе праходзіць штотыднёва.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго