Стывен Кінг і ПЭН-цэнтар ЗША выступілі ў падтрымку Сянцова

Стывен Кінг

Амэрыканскі пісьменьнік Стывен Кінг сумесна з ПЭН-цэнтрам ЗША выступіў у падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які быў асуджаны ў Расеі па абвінавачваньні ў тэрарызме.

У сябе ў твітэры аўтар дзясяткаў бэстсэлераў заклікаў падпісаць зварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем вызваліць Сянцова, які працягвае трымаць галадоўку.

У пэтыцыі падкрэсьліваецца, што сытуацыя з Алегам Сянцовым толькі прыцягне ўвагу да несправядлівага палітычнага перасьледу ў Расеі, якая зараз прымае чэмпіянат сьвету па футболе. Вызваленьне Сянцова можа стаць «моцным жэстам» з боку Пуціна, гаворыцца ў заяве.

Раней вызваліць Сянцова заклікалі грамадзкія арганізацыі, грамадзянскія актывісты і палітыкі ў многіх краінах сьвету, уключаючы ЗША. За апошні месяц розныя акцыі ў падтрымку Алега Сянцова праходзілі амаль кожны дзень.