Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў трымае галадоўку другі месяц


Алег Сянцоў, архіўнае фота
Алег Сянцоў, архіўнае фота

Зьняволены ў Расеі ўкраінскі кінарэжысэр Алег Сянцоў 14 чэрвеня пачынае другі месяц галадоўкі з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх украінскіх палітвязьняў, якіх утрымлівае Расея.

Актуальных афіцыйных паведамленьняў пра стан здароўя Сянцова няма.

Як паведаміла Свабодзе сястра Сянцова Натальля Каплан, 8 чэрвеня Алега адвозілі ў рэанімацыю. Цяпер ён знаходзіцца ў мэдчастцы калёніі, спыняць галадоўку не зьбіраецца.

Спэцыялісты бальніцы гораду Лабытнангі, якія 8 чэрвеня агледзелі ўкраінца, сказалі, што «асуджаны Сянцоў... пастаянна знаходзіцца пад дынамічным назіраньнем мэдыцынскіх работнікаў установы, дзе ён адбывае пакараньне», «Сянцову праведзены шэраг клініка-інструмэнтальных дасьледаваньняў», а лекарам калёніі «далі рэкамэндацыі ў далейшым вядзеньні пацыента».

«Невядома пакуль, ці ўжывалі прымусовае кармленьне, як пагражалі. Гэта ўсё будзе вядома ў канцы тыдня. Здавацца ён не зьбіраецца, паміраць не зьбіраецца, але і адступаць ад умоваў галаданьня таксама», — распавяла Натальля Каплан Свабодзе.

Кінарэжысэр Алег Сянцоў разам з грамадзкім актывістам Аляксандрам Кольчанкам і яшчэ двума людзьмі былі затрыманыя расейскімі спэцслужбамі ў Крыме ў траўні 2014 году па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў на акупаваным паўвостраве.

У жніўні 2015 году Сянцова асудзілі да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Сянцоў сваёй віны не прызнаў.

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у Расеі ўнёс Сянцова ў сьпіс палітвязьняў.

14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якіх утрымліваюць у турмах Расеі і Крыму.

Актывісты ва Ўкраіне і сьвеце патрабуюць ад Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вызваліць Алега Сянцова і іншых незаконна зьняволеных украінцаў. Акцыі ў падтрымку праходзяць у многіх краінах і на розных кантынэнтах пад лёзунгамі #FreeOlegSentsov і #SaveOlegSentsov.

Эўрапарлямэнт правядзе 14 чэрвеня дэбаты, а пазьней галасаваньне па рэзалюцыі аб правах чалавека ў Расеі і ў прыватнасьці аб справе Сянцова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG