Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пракамэнтаваў магчымасьць абмену Алега Сянцова


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адмоўна адказаў на пытаньне, ці разглядаюць расейскія ўлады магчымасьць абмену ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які галадае ў калёніі, на арыштаванага ва Ўкраіне галоўнага рэдактара агенцтва РИА Новости-Украіна Кірыла Вышынскага.

«Ён [Алег Сянцоў] затрыманы не за журналісцкую дзейнасьць, а за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту, за падрыхтоўку выбуху, у выніку якога маглі пацярпець канкрэтныя людзі, гэта зусім розныя рэчы, якія нельга супаставіць. Таму мы пакуль пра гэта ня думалі», — сказаў Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт зноў падкрэсьліў, што затрыманьне і арышт «за наўпроставую прафэсійную дзейнасьць» журналіста Вышынскага — гэта «абсалютна беспрэцэдэнтная і абсалютна недапушчальная палітыка сёньняшніх украінскіх кіраўнікоў».

«Разумны сэнс павінен перамагчы ва Ўкраіне, і спадзяюся, мы даможамся вызваленьня расейскага журналіста ў тым ліку пад ціскам міжнародных арганізацый, ад якіх так ці інакш украінскія ўлады сёньня залежаць», — сказаў Пуцін.

Кірыл Вышынскі арыштаваны на два месяцы, яго затрымалі 15 траўня і абвінавацілі па артыкуле 111 крымінальнага кодэкса Ўкраіны — дзяржаўная здрада. Служба бясьпекі Ўкраіны правяла ператрусы ў кіеўскім офісе агенцтва. Па вэрсіі сьледзтва, падкантрольныя Расеі мэдыяструктуры «выкарыстоўваліся краінай-агрэсарам ў рамках гібрыднай інфармацыйнай вайны супраць Украіны».

Алег Сянцоў абвясьціў галадоўку 25 дзён таму. Ўкраінскага рэжысёра затрымалі ў траўні 2014 году па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў у Крыме. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму.

14 мая Сянцоў, якога адправілі адбываць пакараньне ў калёнію ў Ямала-Ненецкай акрузе, абвясьціў пра галадоўку. Ён запатрабаваў вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якіх трымаюць у расейскіх турмах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG