Колькасьць ахвяраў канфлікту на мяжы Ізраілю і сэктару Газа вырасла да 58. Ізраіль вінаваціць «Хамас» у правакацыі

Палестынскія дэманстранты на мяжы з Ізраілем, 14 траўня

Вайскоўцы Ізраілю забілі 58 чалавек у пратэстах на мяжы з сэктарам Газа ў час пратэстаў 14 траўня, перадае Reuters заяву Міністэрства аховы здароўя Палестыны. Сьцьвярджаецца, што раненьні атрымалі 2700 чалавек, палова зь іх — агнястрэльныя.

Акцыі пратэсту адбываюцца на фоне пераносу амбасады ЗША ў Ерусалім, які палестынцы лічаць сваім, у гадавіну сыходу соцень тысяч палестынцаў зь цяперашняй тэрыторыі Ізраілю ў час вайны 1948 году (палестынцы называюць гэта «Накба» — «катастрофа»).

Канфлікт на мяжы 14 траўня стаў самым крывавым у рэгіёне за апошнія чатыры гады. Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць, што адказвалі на гвалт з боку палестынцаў, а прэм’ер Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу сьцьвярджае, што дзеяньні вайскоўцаў былі самаабаронай ад гвалту, які справакаваў палестынскі ісламісцкі рух «Хамас». ЗША таксама вінаваціць «Хамас» у правакаваньні гвалту.

Але Францыя і Вялікая Брытанія заклікалі Ізраіль да стрыманасьці, а Турэччына раскрытыкавала за «бойню» і адклікала амбасадараў з Ізраілю і ЗША.

«Сумна, што экстрэмісты маглі спрабаваць выкарыстаць гэтыя пратэсты для ўласных гвалтоўных мэтаў, — піша ў афіцыйнай заяве дзяржаўны міністар Брытаніі па Блізкім Усходзе Элістэр Бэрт. — Мы ня будзем вагацца ў нашай падтрымцы права Ізраілю бараніць свае межы. Але вялікая колькасьць страляніны выклікае занепакоенасьць. Мы працягнем заклікаць Ізраіль дзейнічаць больш стрымана».