Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць забітых палестынцаў на мяжы сэктару Газа перавысіла 50 чалавек


Палестынцы нясуць параненага 14 траўня 29018 году
Палестынцы нясуць параненага 14 траўня 29018 году

Сама меней 52 палестынскія ўдзельнікі пратэстаў загінулі і амаль дзьве з паловай тысячы зьвярнуліся па мэдычную дапамогу ў выніку сутыкненьняў з ізраільскай арміяй на мяжы сэктару Газа. Нагодай для пратэстаў стала адкрыцьцё ў 14 траўня ў Ерусаліме амбасады ЗША ў Ізраілі. Дыпляматычнае прадстаўніцтва было перанесенае з Тэль-Авіву ў Ерусалім па рашэньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Палестынцы абураныя дзеяньнямі Вашынгтону, бо разьлічваюць у будучыні заснаваць сваю сталіцу ва ўсходняй частцы Ерусаліму.

З раніцы ў сэктары Газа сабраліся дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, якія рушылі да мяжы і былі сустрэты агнём ізраільскіх сілаў, паведамляе ВВС. Дэманстранты падпальвалі пакрышкі і шпурлялі ў бок мяжы камяні і запальныя бомбы. З ізраільскага боку дзейнічалі снайпэры.

Прадстаўнік ураду Палестынскай аўтаноміі Юсуф аль-Махмуд абвінаваціў ізраільскія ўлады ў «жудаснай разьні» і папрасіў дапамогі ў міжнароднай супольнасьці. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» асудзіла тое, што адбылося, назваўшы абстрэл дэманстрантаў абуральным парушэньнем правоў чалавека і міжнароднага права.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу назваў дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў самаабаронай супраць групоўкі «Хамас».

«Кожная краіна мае абавязак абараняць свае межы, — напісаў Нэтаньягу на сваёй старонцы ў Twitter. — Тэрарыстычная арганізацыя „Хамас“ мае намер зьнішчыць Ізраіль і пасылае тысячы праз памежную агароджу, каб дасягнуць гэтай мэты. Мы працягнем дзейнічаць рашуча, каб абараніць наш сувэрэнітэт і грамадзянаў».

Паводле тэлеканалу Al Jazeera, у пратэстах бяруць удзел каля 10 тысяч палестынцаў. Некаторыя пратэстоўцы спрабавалі перасекчы памежную агароджу. Паводле ізраільскага боку, больш за 40 тысяч чалавек спрабавалі перасекчы мяжу.

Напярэдадні армія абароны Ізраілю пры дапамозе ўлётак заклікала жыхароў Газа адмовіцца ад масавых пратэстаў і не перасякаць памежныя агароджы.

У сьнежні 2017 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэньне аб пераносе амэрыканскага пасольства ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім. Рашэньне Трампа рэзка раскрытыкавалі лідэры арабскіх краін, а таксама прадстаўнікі Эўразьвязу.

Адкрыцьцё амэрыканскай амбасады ў Ерусаліме

30 сакавіка на мяжы паміж сэктарам Газа і Ізраілем палестынцы пачалі шматдзённую акцыю пратэсту «Вялікі марш вяртаньня». Паводле арганізатараў акцыі, яны хочуць прыцягнуць увагу да лёсу жыхароў аўтаноміі, якія, як сьцьвярджаецца, ня могуць вярнуцца ў дамы сваіх продкаў на тэрыторыі Ізраілю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG