Апытаньне: 56% расейцаў адчуваюць сябе ў міжнароднай ізаляцыі

Колькасьць расейцаў, якія лічаць, што краіна знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, дасягнула максымальных паказьнікаў — 56 адсоткаў. Гэта вынікае з апытаньня «Левада-цэнтру», якое публікуюць «Ведамасьці».

Колькасьць тых, каго гэта турбуе, вырасла за апошні год адразу на 12 адсоткавых пунктаў — да 37 адсоткаў. На столькі ж — з 66 да 54 адсоткаў — зьнізілася доля апытаных, якія лічаць, што Расеі трэба ўмацоўваць сувязі з Захадам, адзначаюць сацыёлягі.

Адначасова вырасла колькасьць нэгатыўных ацэнак заходніх краінаў. Каля 40 адсоткаў расейцаў лічаць, што да краінаў Захаду ў Расеі ставяцца без асаблівых пачуцьцяў. Да Расеі ж на Захадзе, на думку чвэрці расейцаў, ставяцца ў асноўным са страхам. Яшчэ 21 адсотак удзельнікаў апытаньня лічаць, што заходнія краіны ставяцца да Расеі з трывогай, а 16 адсоткаў лічаць, што да краіны ставяцца з пагардай.

У 2014 годзе краіны Захаду ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў адказ на анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. З тых часоў гэтыя санкцыі неаднаразова падаўжаліся.

У пачатку красавіка 2018 году міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць 38 расейскіх бізнэсоўцаў, афіцыйных асобаў і кампаній за ўмяшальніцтва ў амэрыканскія выбары.

Акрамя таго, да сур’ёзнага крызісу ў адносінах паміж краінамі Захаду і Расеяй прывяло атручваньне ў Вялікай Брытаніі былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Каля 30 краінаў абвясьцілі пра высылку расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці з Лёнданам. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпляматычных місій.