Супрацоўнік ДАІ насьмерць разьбіўся ў Гомлі на матацыкле. ФОТА

Фота GOMEL MOTO

Аб дарожна-транспартным здарэньні паведамілі відавочцы.

Інфармацыя аб аварыі зьявілася ў адной з суполак у сацыяльных сетках. Па словах відавочцаў, увечары 30 красавіка супрацоўнік ДАІ перасьледаваў байкера, які парушыў правілы дарожнага руху. На вуліцы Федзюнінскага міліцыянт выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе ўрэзаўся ў аўтамабіль. ДТЗ адбылося непадалёк ад гарадзкога ўпраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі. Супрацоўнік ДАІ 1988 году нараджэньня атрымаў шматлікія траўмы і памёр у бальніцы.

«Падчас правядзеньня пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі пры непасрэднай падтрымцы мотаруху Гомельскай вобласці быў устаноўлены кіроўца матацыкла „Хонда CBR“ (яго перасьледаваў загінуўшы інспэктар ДАІ). Ім аказаўся жыхар Рэчыцы 1997 нараджэньня. Вадзіцельскай катэгорыі на права кіраваньня матацыклам не мае. Таксама малады чалавек неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне Правілаў дарожнага руху », — паведаміў сайту Progomel.by афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў.

Упраўленьнем Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласьці распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 КК Рэспублікі Беларусь.