Камітэт судовых экспэртыз Беларусі: «Мы маглі б вызначыць, чым атруцілі Скрыпаля»

Старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Беларусі Андрэй Швед

Старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Беларусі Андрэй Швед заявіў, што экспэрты ягонай установы маглі б дакладна вызначыць, чым быў атручаны ў Вялікай Брытаніі былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія.

«Тэхнічныя сродкі, якія мае наш камітэт, бясспрэчна, найлепшыя на ўсёй постсавецкай прасторы. Больш за тое, зраўнавацца з намі ня могуць і многія эўрапейскія краіны. Таму адкажу на ваша тэарэтычнае пытаньне тэарэтычна: так, мы з гэтым заданьнем справіліся б», — заявіў старшыня дзяржаўнага камітэту, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.

Швед сказаў, што і ў Беларусі часам узьнікаюць складаныя для дакладнага аналізу сытуацыі. У якасьці прыкладу ён назваў рэзанансную справу ў Слуцку, дзе атруціліся да сьмерці пяць чалавек.

«Было вельмі складана вылічыць, што пілі гэтыя людзі. Аднак нашы спэцыялісты дакладна гэта вызначылі і назвалі складаную хімічную формулу. Іх праца дапамагла шмат што высьветліць у гэтым незвычайным выпадку», — адзначыў Швед.

Паводле яго, за адзін год супрацоўнікі камітэту праводзяць да 350 тысяч экспэртыз. На адну крымінальную справу ў сярэднім прыпадае тры экспэртызы.

Найбольшы прагрэс дасягнуты ў вызначэньні розных відаў наркотыкаў. Як сказаў старшыня камітэту, цяпер у Беларусі ёсьць 19 спэцыяльных прыбораў для вызначэньня наркотыкаў, якія знаходзяцца ў Менску, усіх абласных цэнтрах і некаторых буйных гарадах. Калі раней для дакладнага вызначэньня складу наркатычнага сродку было патрэбна 6-8 месяцаў, то цяпер неабходныя аналізы праводзяць літаральна адразу, а поўныя — цягам аднаго месяца.

Брытанскія аварыйна-выратавальныя службы на месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Пасьля некалькіх тыдняў лекаваньня 33-гадовая Юлія Скрыпаль была выпісаная з бальніцы тыдзень таму. Яе бацька застаецца ў бальніцы, хоць ён ужо не ў крытычным стане. Абодва па-ранейшаму лечацца ад наступстваў атручваньня.

Хто і як мог атруціць Скрыпалёў. Эксклюзіўнае інтэрвію са стваральнікам «Навічка». ВІДЭА

Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных спраў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі