Міністар абароны: сёлета беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў ня будзе

Расейскі зьнішчальнік СУ-30, ілюстрацыйнае фота

У 2018 годзе сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў ня будзе, паведаміў 2 красавіка журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

Паводле міністра, сёлета дзьве краіны працуюць «па сваіх нацыянальных кватэрах».

Раўкоў паведаміў, што ў 2018 годзе Беларусь плянуе набыць у Расеі адзін зэнітна-ракетны комплекс «Тор-М2» і чатыры самалёты ЯК-130 — «грошы на гэта зь бюджэту ўжо ёсьць».

Што тычыцца 12 зьнішчальнікаў СУ-30СМ, якія афіцыйны Менск зьбіраецца набыць у Масквы, угода адбудзецца не раней за 2020 год, сказаў Раўкоў. Паводле расейскага выданьня «Ведомости», якое спасылалася на крыніцу ў Аб’яднанай авіяцыйнай кампаніі (АКК) Расеі, на гэта спатрэбіцца амаль 600 мільёнаў даляраў.

Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» сталі нагодай для абмеркаваньня незалежнасьці беларускага войска. Занепакоенасьць гэтым выказвалі ўсе суседзі Беларусі , акрамя ўласна Расеі: казалі, Беларусь можа быць выкарыстаная як пляцдарм для расейскай агрэсіі. Расейскія вайскоўцы далі беларусам яшчэ адну нагоду для такіх абмеркаваньняў, «запусьціўшы» на Беларусь незаплянаваную фэйкавую танкавую брыгаду. Беларускія ж вайскоўцы зьдзівілі грамадзян тым, што абвясьцілі ворагам частку Беларусі, назваўшы яе «Вяйшнорыяй».