На акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці прыйшло больш за 80 чалавек. ФОТА і ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

У Берасьці 80 чалавек «кармілі галубоў» супраць будаўніцтва заводу

Заяўка на парвядзеньне акцыі ў гарвыканкам не падавалася, людзі сабраліся на галоўнай плошчы.

Больш за 80 чалавек выйшлі 4 сакавіка на галоўную плошчу Берасьця, каб «пакарміць галубоў». Такім чынам моўчкі людзі выказалі пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля абласнога цэнтру. Акцыя прайшла бяз лёзунгаў і транспарантаў, людзі нічога ня выкрыквалі, проста стаялі ды кармілі галубоў, разважаючы між сабой пра праблему акумулятарнага заводу.

Людзі стаялі на тым самым месцы, дзе ў 2011 годзе адбываліся маўклівыя акцыі пратэсту, а ў 2017 зьбіраліся пратэсты «недармаедаў».

«Пакарміць галубоў» прыйшлі і мясцовыя блогеры Сяргей Пятрухін ды Аляксандар Кабанаў, якіх прэвэнтыўна затрымалі тыдзень таму за тое, што яны прыгразілі ў сваёй трансьляцыі выйсці на плошчу, калі ня спыніцца будаўніцтва заводу. Як распавёў Сяргей Пятрухін, сёньня каля яго кватэры дзяжурылі міліцыянты.

«Мне патэлефанавалі людзі, сказалі, што пад домам у машынах сядзяць міліцыянты, амапаўцы, — расказаў Пятрухін. — Таму выходзіў асьцярожна — запусьціў стрым, ды хутка заскочыў у машыну да сябра».

Людзі прастаялі на плошчы гадзіну, многія былі зь дзецьмі. Міліцыянтаў на плошчы заўважана не было, інцыдэнтаў не адбылося. «Акцыі кармленьня галубоў» у Берасьці могуць працягнуцца, заявіў Свабодзе адзін з удзельнікаў мерапрыемства.

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежднаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.